Хто б жыў у Беларусі, калі б перамог Гітлер?


«Некалі нашых продкаў меліся перасяліць на беларускія землі», – згадваюць нямецкамоўныя жыхары Паўднёвага Тыролю. Рэпартаж з падарожжа ў Альпы.

Паўднёвы Тыроль – гэта аўтаномная правінцыя на поўначы Італіі. Большасць насельнікаў рэгіёну размаўляе на нямецкай мове, бо да канца Першай сусветнай вайны гэтыя землі ўваходзілі ў склад Аўстрыйскай імперыі, а толькі ў 1919 годзе іх уключылі ў склад Італіі.

У часы фашысцкага дыктатара Мусаліні сюды прымусова перасялялі жыхароў Паўднёвай Італіі, каб асіміляваць нямецкамоўных тырольцаў. У 1939 годзе Гітлер заключыў з Мусаліні дамову, на падставе якой мясцовыя насельнікі маглі эміграваць у Нямеччыну. Да сённяшняга дня некаторыя старэйшыя жыхары Паўднёвага Тыролю памятаюць, што фашысцкі ўрад планаваў перасяліць іх таксама на заваяваныя землі, у тым ліку ў Беларусь.
«А ці ёсць у Беларусі горы? – вельмі часта пыталіся ў мяне жыхары вёскі Райнсвальд у Паўднёвым Тыролі; калі даведваліся, што няма, то, уздыхнуўшы, дадавалі: Мы б не змаглі без гор».
«Ці ёсць у Беларусі нацыянальны касцюм?», – пыталі ў мяне ля касцёлу мужчыны, якія на нядзельнае набажэнства з’явіліся ў народных строях. «Ёсць, але ў касцёл у нас у нацыянальных касцюмах ніхто не ходзіць», – адказваю. «Чаму не ходзяць? Гэта ж самая ўрачыстая вопратка? Я свой строй маю яшчэ ад дзядулі», – пахваліўся адзін з вяскоўцаў.
 

Пасля літургіі вяскоўцы звычайна збіраюцца ў мясцовым рэстаране, каб пагаманіць і выпіць па келіху віна. «У 1972 годзе мы атрымалі статус аўтаноміі, – распавялі мне жыхары Паўднёвага Тыролю. – Цяпер у нас тры афіцыйныя мовы: нямецкая, італьянская і ладзінская».

На ладзінскай мове, якую ўключаюць у групу рэтараманскіх, размаўляюць найменш насельнікаў Паўднёвага Тыролю – усяго некалькі тысячаў, але ў сталіцы правінцыі Боцэн на ёй вядзецца выкладанне ва ўніверсітэце. Гэта вучэльня сталася першым універсітэтам у Еўропе, дзе навучаюць адразу на трох мовах. «У Беларусі дзве мовы: расейская і беларуская, але беларускай мовы амаль няма ва ўніверсітэтах», – расказваю я пра Беларусь. «У вас ёсць свая мова і вы яе не вывучаеце? Чаму?» – не пераставалі дзівіцца беларускаму парадку вяскоўцы з Паўднёвага Тыролю.

Родную гаворку ў побыце выкарыстоўваюць таксама маладыя жыхары Паўднёвага Тыролю. «А ці ёсць у Беларусі свае дыялекты?», – запыталіся ў мяне маладыя дзяўчаты. «Ёсць, але іх нялёгка пачуць. Трэба ехаць у глухія куткі», – распавядаю. «У нас вельмі шмат турыстаў, і мы з гаворкі пазнаем, хто адкуль да нас прыехаў», – кажуць дзяўчаты. «У Беларусі непрэстыжна размаўляць з рэгіяналізмамі», – тлумачу маім суразмоўцам.

«Цікавая вашая краіна, Беларусь, – каментуюць мае новыя знаёмыя з Паўднёвага Тыролю. – Але шкада, што ў вас няма гор. Цяжка нават уявіць, што ўсё навокал роўнае і аднолькавае. Няхай лепей беларусы прыязджаюць да нас, у нашыя горы».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары