Чмара, Горбік, Біч, Тупіца і Булдыга. Ад якіх прозвішчаў адмаўляюцца менчукі


Летась 2167 менчукоў пажадалі змяніць імя, прозвішча альбо імя па бацьку.

Штогод колькасць жадаючых змяніць пашпартныя дадзеныя расце. У першым квартале бягучага года разгледзелі ўжо больш за 500 матэрыялаў наконт змены асабістых дадзеных. Пра гэта агенцтву «Менск-навіны» распавёў кіраўнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менгарвыканкаму Ігар Плышэўскі.

Як і навошта мяняюць імя і прозвішча жыхары Менску

У мінулым годзе 67 менчукоў захацелі змяніць «немілагучнае» прозвішча. У выніку новыя прозвішчы атрымалі Чмара, Горбік, Слізкі, Казлоў, Біч, Тупіца, Крываносаў і Булдыга.

Супрацоўнікі ўпраўлення юстыцыі кажуць, што некалькі Людміл ва ўзросце, старэйшым за 40 гадоў, звярнуліся з просьбай змяніць імя. Яны стаміліся ад асацыяцыяў з аднайменнымі кінагераінямі з не самай лепшай рэпутацыяй. А ў адным з загсаў атрымалі адразу дзве заявы ад маладых мянчанак, якія захацелі звацца Міланамі.

Некалькі гадоў таму сталічны бізнесовец хацеў зарэгістраваць сваіх сыноў-блізнятаў пад імёнамі Тыгр і Ягуар.

«А што тут такога? Называюць жа хлопчыкаў Львом і Карпам», – здзіўляўся бізнесовец на пытанне супрацоўніцы загсу, ці існуюць такія імёны.

Каб змяніць імя, трэба заплаціць $ 12,5. І давесці прычыну

Змена прозвішча, імя ці імя па бацьку каштуе 1 базавую велічыню (180 тыс. рублёў альбо 12,5 долараў). Ва ўпраўленні юстыцыі мяркуюць, што трэба пераглядаць тарыф, каб адсекчы тых, хто мяняе свае дадзеныя толькі з-за сваіх капрызаў.

Разам з адпаведнай заявай трэба падрыхтаваць: два фотаздымкі; пасведчанне аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага; копіі літаратурных твораў, артыкулаў, нататак – у выпадку жадання насіць прозвішча і імя ў адпаведнасці з літаратурным псеўданімам; іншыя дакументы, што пацвярджаюць матывацыю змяніць асабістыя дадзеныя. А таксама патрабуецца квітанцыя аб аплаце працэдуры.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў