Чэшскі трэнер Захараву: «Ты хто такі? Бог ці прэзідэнт?»


Трэнер каманды кіраўніка краіны Міхаіл Захараў трапіў у скандал.

Ва ўчорашнім матчы ў Горадні ў межах Кубку Прэзідэнта мясцовы «Нёман» з лікам 3:2 перайграў сталічнае «Юнацтва».

У трэнера менчукоў былі вялікія прэтэнзіі да судзейства, яго абуранасць падчас прэс-канферэнцыі перарасла ў перапалку з чэшскім трэнерам «Нёмна» Мілашам Холанам. На мерапрыемстве адбыўся наступны дыялог з удзелам Міхаіла Захарава і журналістаў.

– Усе пытанне задайце адразу, я адкажу, тут сядзець не збіраюся. Я зразумела сказаў? Пытанне ёсць? – пытаецца трэнер.

– Падчас матчу вы эмацыйна размаўлялі з арбітрам. Пра што?

– Я ўжо ўсё сказаў, уключы запіс інтэрвʼю пасля гульні, там усё па тэме судзейства сказаў. На прэс-канферэнцыі пра гэтазабаронена гаварыць.

– А можна пару словаў пра матч…

– Я ўсё сказаў, ты што, не бачыў гэтую клаўнаду? Што пра матч гаварыць-та! А цябе я папярэдзіў, – звяртаецца да трэнера гарадзенцаў Мілаша Холана. – Ты пабачыш, які сюрпрыз чакае тваіх гульцоў!

– Ты хто: бог ці прэзідэнт? Якое ў цябе стаўленне да людзей? – адказвае чэх.

Захараў пасля ўзаемнай слоўнай перапалкі пакідае прэс-канферэнцыю.

«Я гэтага чалавека ўвогуле не разумею, што ў яго адбываецца ў галаве, ягонае стаўленне да людзей. Можа ён не задаволены сваім жыццём, таму так і кажа – гэта ягоныя праблемы», – так пракаментаваў паводзіны трэнера «Юнацтва» Мілаш Холан.

Супрацьстаянне клубаў з Менску і Горадні адбываецца на паўфінальнай стадыі Кубку Прэзідэнта, лік у серыі: 3:1 на карысць менчукоў. Каб трапіць у фінал, ім патрэбная яшчэ адна перамога – серыя праводзіцца да чатырох перамогаў адной з камандаў.

Міхаіл Захараў уваходзіць у трэнерскі штаб каманды кіраўніка Беларусі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў