Чэмпіёна свету па ММА Амрыева знялі з федэральнага вышуку ў Расеі


Мурад Амрыеў

Чэмпіён свету па змяшаных адзінаборствах (ММА) Мурад Амрыеў, якога пераследавалі чачэнскія паліцыянты, больш не знаходзіцца ў федэральным вышуку, паведамляе Руская служба BBC.

Амрыева пераследавалі па абвінавачванні ў выкарыстанні загадзя падробленага дакументу – у ягоным пашпарце быў паказаны няправільны год нараджэння 1986-ы замест 1985-га.

Праваабаронцы, аднак, сцвярджалі, што падставай для пераследу сталі заявы Амрыева аб выкраданні і катаванні з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў Чачэніі.

Пра тое, што ён больш не праходзіць па базе федэральнага вышуку, паведаміў юрыст Камітэту па прадухіленні катаванняў Альберт Кузняцоў.

Па словах Кузняцова, завяршэнне гісторыі – гэта выніку сумеснай працы праваабаронцаў і СМІ.

«Мурада ад далейшай расправы выратавала тое, што гэта справа выклікала вялікі рэзананс, – мяркуе Кузняцоў. – Падчас дастаўлення Амрыева ў Чачэнскую рэспубліку былі праведзеныя ўсе пратакольныя мерапрыемствы, як таго патрабуе закон і адпусцілі. Пасля гэтага крымінальны пераслед спынілі, і цяпер па спісах федэральнага вышуку ён не праходзіць».

На думку юрыста, не было ніякіх падстаў абʼяўляць спартоўца ў вышук. Той быў згодны супрацоўнічаць са следствам, і для гэтага яму не трэба было знаходзіцца ў Чачэніі, лічыць праваабаронца.

«Справядлівасць перамагла»

Сам Мурад Амрыеў разлічвае, што гэта канец гісторыі.

«Навіна пра тое, што афіцыйна больш не знаходжуся ў федэральным вышуку і што з мяне знятыя ўсе неабгрунтаваныя і сфальсіфікаваныя абвінавачванні, успрынятыя былі мной як той факт, што справядлівасць перамагла», – сказаў ён.

Амрыеў, паводле ягоных словаў, збіраецца «займацца прафесійным спортам і дасягнуць найлепшых вынікаў».

«Я спадзяюся, што мая асабістая бяспека і бяспека маёй сямʼі не будзе схільная новым неабгрунтаваным выпрабаванням», – дадаў чэмпіён.

Каментуючы магчымасць вяртання ў Чачэнію, спартсмен сказаў: «Я спадзяюся, што да мяне не будуць прадʼяўленыя чарговыя фіктыўныя абвінавачвання».

У мэтах бяспекі Амрыеў да гэтага часу не раскрывае інфармацыі аб сваім месцазнаходжанні. Вядома, што ён знаходзіцца за межамі Чачэніі.

У гісторыі з чачэнскім спартоўцам «адзначыліся» улады Беларусі

4 чэрвеня 2017 году Амрыева затрымалі ў Бранску. 6 чэрвеня ён скочыў праз вакно і збег з будынку транспартнай пракуратуры, дзе яго спрабавалі затрымаць чачэнскія сілавікі, каб адвезці ў Грозны.

Раніцай 8 чэрвеня Мурада Амрыева затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце «Весялоўка». Адтуль яго даставілі ў РАУС у Добрушы. Ноччу спартоўца перадалі расейскім сілавікам, нягледзячы на тое, што ён патрабаваў палітычнага прытулку ў Беларусі. Выдача Амрыева выклікала хвалю абурэння сярод беларускіх і расейскіх праваабаронцаў. Маці чачэнскага спартоўца звярнулася праз беларускіх журналістаў да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не дазволіць этапаваць Мурада ў Чачэнію.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў