Чэмпіён Беларусі па футболе звольніў галоўнага трэнера 


Нядоўгай атрымалася супраца Алега Дулуба і БАТЭ. Адзін з лепшых трэнераў краіны і наймацнейшы клуб Беларусі супрацоўнічалі разам толькі паўгода.

52-гадовы Дулуб стаў першым коўчам БАТЭ не з каманднай сістэмы, і на яго гаспадар клубу з Барысава Анатоль Капскі ўскладаў вялікія надзеі. Але ў другой палове дня 3 чэрвеня клубны сайт БАТЭ абвясціў, што клубу і трэнеру больш не па дарозе.

Фармальнай прычынай стала страта пунктаў лідарам чэмпіянату ў двух апошніх турах чэмпіянату Беларусі. Спачатку БАТЭ не змог перайграць Іслач (1:1), а ўчора сенсацыйна ўпершыню ў сваёй у гісторыі саступіў Гарадзеі (1:2). Таксама Дулубу ўзгадалі два прайграных трафеі – паразы ад берасцейскага Дынама ў Суперкубку і Кубку краіны. Але пры гэтым БАТЭ па-ранейшаму ідзе на першым месцы на два пункты апярэджваючы менскае Дынама. Назваць новага галоўнага ў Барысаве абяцаюць крыху пазней. Пакуль у чэмпіянаце краіны наступае перапынак звязаны з матчамі зборнай Беларусі.

Што тычацца Дулуба, то ён ужо падобным чынам у разгар працы сыходзіў з львоўскіх Карпат і адэскага Чарнаморца. У Барысаве Дулуб усім падзякаваў і пажадаў поспехаў у будучыні.

У беларускім футболе гэта чацвёртая адстаўка ў гэтым сезоне. Першым на дзверы паказалі паляку Марэку Зубу ў салігорскім Шахцёры, затым берасцейскае Дынама звольніла чэха Радаслава Латала, і нарэшце Гомель пакінуў беларус Вячаслаў Герашчанка.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Фота – Аніта Занковіч

Стужка навінаў