Чатыры фігуранта справы «Белага легіёну» будуць дабівацца маральнай кампенсацыі ў судзе

Wideo

Былыя фігуранты «справы патрыётаў» Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў накіравалі калектыўны грамадзянскі пазоў у суд Маскоўскага раёну Менску.

Пазоўнікі просяць кампенсаваць маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Адказнікам у справе выступае Міністэрства фінансаў.

Папярэдняе судовае слуханне прызначана на 27 сакавіка, 14.30. Справу будзе разглядаць суддзя суда Маскоўскага раёна Вольга Краўчанка.

Пазоўнікі лічаць, што яны мусяць атрымаць грашовую кампенсацыю, бо ўвесь той час, які правялі за кратамі, а таксама пасля вызвалення адчувалі вялікія маральныя пакуты.

Нагадаем, «справа патрыётаў» або справа «Белага легіёну» была распачатая КДБ падчас пратэстаў недармаедаў год таму. Былі затрыманыя больш за 30 асобаў, іх абвінавачвалі ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання). Летам усе фігуранты «справы патрыётаў», якой на той момант ужо займаўся Следчы камітэты, былі вызвалены з-пад варты. 27 лістапада Следчы камітэт закрыў гэтую крымінальную справу за адсутнасцю складу злачынства.

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары