«Часам патрабуецца жорсткае падпарадкаванне». Шуневіч выказаўся наконт дзедаўшчыны


Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч распавёў журналістам пра сваё стаўленне да дзедаўшчыны.

«Я тры гады праходзіў службу ў ваенна-марскім флоце і ведаю, што парадак у вайсковых частках забяспечваюць не толькі старэйшыя, але і малодшыя камандзіры. У пытаннях дзедаўшчыны ўсё залежыць ад іх. Часам патрабуецца жорсткае падпарадкаванне, але размеркаванне абавязкаў павінна быць справядлівым. Прыніжэнне, псіхалагічны і фізічнае ўздзеянне на маладога байца – ганьба для ўсіх. Усе мы, людзі ў пагонах, раней ці пазней можам устаць у адзін шыхт, калі спатрэбіцца», – адзначыў Шуневіч у кулуарах Палаты прадстаўнікоў.

Шуневіч пры гэтым адмовіўся каментаваць чуткі пра сваё магчымае прызначэнне кіраўніком Мінабароны, піша TUT.by.

Анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова ў сярэдзіне кастрычніка сабрала больш за 10 тыс. подпісаў, але пасля скаргаў Мінабароны была заблакаваная. Збор подпісаў распачалі таксама апазіцыйныя актывісты на вуліцах Менску.

Хваля абурэння кіраўніцтвам Мінабароны паднялася пасля таго, як 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да 2 афіцэраў. На дадзены момант у ліку падазраваных па справе Коржыча – 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), старшыня роты і 2 афіцэры.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў