Час вакацыяў, або Колькі каштуе адпачынак у Беларусі?


Адпачынак для дзяцей і дарослых у Беларусі можа быць карысным і не занадта дарагім. Belsat.eu спраўдзіў, якая можа быць альтэрнатыва вёсцы ў бабулі.

Адпачынак з бацькамі (да 10 гадоў)

Найбольш папулярным дзіцячым адпачынкам і адпачынкам з дзецьмі ў Беларусі застаюцца аздараўленчыя лагеры ці санаторыі. Прапановы беларускіх здраўніц вельмі разнастайныя і па цане, і па якасці. Мы выбралі тры, у якіх і дзецям, і дарослым не будзе сумна.

Санаторый “Ружанскі”

Адным з найбольш адкрытых для дзяцей і з адпаведнай інфраструктурай з’яўляецца санаторый “Ружанскі”, які прымае сем’і з дзецьмі ад 0+. Санаторый знаходзіцца ў Ружанскай пушчы. Акрамя лячэбна-аздараўленчых паслуг, у санаторыі ёсць аквапарк з воднымі атракцыёнамі, комплексам лазняў, міні-басейнам з вадаспадам, гейзерамі і вадзянымі гарматамі, што асабліва парадуе маленькіх турыстаў. Таксама на тэрыторыі комплексу ёсць і гульнявыя пляцоўкі. Важным элементам з’яўляецца асобны дзіцячы ​​пакой для дашкольнікаў, у якой дзеці знаходзяцца пад наглядам выхавальнiка.

Для дарослых у “Ружанскім” прапануюць разнастайныя паслугі СПА: кедравая бочка, СПА-капсула, паравая саўна, ароматэрапія, душ Вішы.

Адрас: Рэспубліка Беларусь, Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, в. Заполле 1а

Кошт: дзеці – ад 57 р. за дзень, дарослыя – ад 68 рублёў за дзень.


Сайт: http://sanruzh.by/

Пансіянат “Ладэ”

Знаходзіцца на беразе Лепельскага возера паблізу Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Найбольш эканомны варыянт пражывання ў пансіянаце – домікі шале (з выгодамі ў асобным корпусе), якія працуюць толькі ў летні перыяд і не ацяпляюцца. Можна, вядома, пажыць і ў ацяпляных невялікіх хатках або ў катэджах-люкс, што праўда абыйдзецца ў немаленькую капейчыну.

Гэта месца прызначана для спакойнага сямейнага адпачынку. І ідэальна для аматараў рыбалкі.

Для дзяцей у летні перыяд добраўпарадкавана дзіцячая гульнявая пляцоўка, а таксама прадугледжаныя заняткі з аніматарамі. Працуе і міні-заапарк.

Пансіянат таксама арганізоўвае экскурсіі на цеплаходзе па Лепельскім возеры і вандроўкі ў Полацк, Віцебск і Бярэзінскі запаведнік.

Адрас: Віцебская вобласць, Лепельскі раён, в. Новае Лядна

Кошт: ад 35 рублёў за суткі ці 17 рублёў за месца/суткі ў катэджы

Сайт: http://www.ostrov-lode.by/

Дзіцячы санаторый “Расінка” знаходзіцца на паўвостраве ў асяроддзі трох азёр Абстэрна, Важа і Луша. Санаторый дае добрую магчымасць адпачыць усёй сям’ёй. Для дзяцей ёсць дзіцячая пляцоўка, а таксама дзіцячы пакой з выхаваўцамі, розныя спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы. Санаторый арыентаваны на дзіцячы адпачынак, але і дарослыя могуць знайсці для сябе магчымасць адпачыць і расслабіцца: басейны, сауны, тэнісныя корты і касметычны салон.

Адрас: Віцебская вобл., Мёрскі р-н., В. Мурашкі

Кошт: ад 45 рублёў койка/дзень


Сайт: http://rosinka.sanatorii.by

На жаль, сямейны адпачынак у санаторыі можа абыйсціся нятанна. У сярэднім гэта 350 рублёў з чалавека за 7-10 дзён.

Куды адправіць дзіця аднаго?

Можна, праўда, адправіць дзіцё само на аздараўленчы, адукацыйны або спартыўны адпачынак. Так, напрыклад, турыстычныя кампаніі прапаноўваюць летні дзіцячы турыстычнааздараўленчы адпачынак у намётавым лагеры. У залежнасці ад захапленняў Вашага дзіцяці, можна выбраць прыдатную для яго праграму лагера: школа выжывання, акрабатыка, прыгоды, заваёўнікі стыхій і гд. Кошт такога лагера залежыць ад заезду і пачынаецца ад 350 рублёў за 12 дзён.

Многія бацькі, асабліва дзяцей падлеткаў, могуць скарыстацца прапановай школ замежнай мовы, якія арганізуюць летнія лінгвістычныя лагеры з навучаннем ад нуля ці працягам навучання замежнай мове. Такім чынам дзіця не толькі адпачне, напрыклад, на Браслаўскіх азёрах, але і атрымае неабходныя для паступлення веды. Кошт такога двухтыднёвага курса, праўда, абыдзецца нятанна. Ад 920 рублёў з пражываннем і шасціразовым харчаваннем.

Цікавым вопытам і баўленнем часу для дзяцей з 8 да 15 гадоў будуць і спартыўныя лагеры. Так Цэнтр развіцця “Краски жизни” прапануе чатыры профільныя лагеры: спартыўна-турыстычны, лінгвістычны, handmade і псіхалагічны. Кожны з іх дапаможа ў развіцці пэўных здольнасцяў дзіцяці. Кошт такога лагера ад 790 рублёў за 14 дзён.

Куды сям’ёй на выходныя?

Многія беларускія тураператары прапануюць туры выхаднога дня, пачынаючы ад наведвання нацыянальных запаведнікаў і заканчваючы БелАЗам.

Калі ж вы ўсё ж такі аддаяце перавагу павольнаму сямейнаму адпачынку і з’яўляецеся шчаслівым жыхаром такіх абласных цэнтраў, як Менск, Гародня, Берасце ці Гомель, то можаце выбрацца ў аквапаркі Беларусі. Так, жыхары Мінска напэўна знаёмыя з аквапаркам Лебядзіны, які знаходзіцца на беразе вадасховішча Дразды. Ён прапануе не толькі багатую і разнастайную плавальную інфраструктуру, але таксама пакеты забаў для дзяцей і дарослых. У Менску знаходзіцца таксама адзін з найбуйнейшых у Еўропе аквапаркаў “Дрымлэнд“. На 9 га вы знойдзеце не толькі месца для лянівага адпачынку, але і гульні ў страйкбол або пейнтбол, вы зможаце пастраляць з пнеўматычнай зброі ці атрымаць асалоду ад адпачынка у асобным арандаваным бунгала.

Жыхары Брэсцкай вобласці і Гродна могуць скарыстацца паслугамі аквапаркаў у Кобрыне, Пружанах, Ружанах ці Гродна. Наведванне водных забаўляльных комплексаў можна аб’яднаць з адукацыйнымі і проста пазнавальнымі экскурсіямі па найбліжэйшых месцах. Так, недалёка ад Кобрына, знаходзіцца страусіная ферма і Белавежская пушча. Адпачынак у пружанскім ці ружанскім аквапарку можна таксама пашырыць наведваючы месцы, звязаныя з такой значнай для Беларусі асобай, як Тадэвуш Касцюшка (Малыя Сяхновічы, музей-сядзіба Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына, Косаўскі замак).

Наведваючы гродзенскі аквапарк, не варта забываць і пра Аўгустоўскі канал, паездка на які забяспечыць Вас не толькі ведамі, але і выдатнымі краявідамі і адпачынкам.

Па ўсёй Беларусі можна знайсці разнастайныя аграсядзібы, якія таксама даюць магчымасць адпачыць у коле сям’і і знаёмых. У залежнасці ад спецыялізацыі сядзібы можна адпачыць больш ці менш актыўна: рыбалка, паходы, конныя, веласіпедныя, пешыя прагулкі. Вялікім попытам карыстаюцца цяпер аграсядзібы з нацыянальным каларытам. Так, некаторыя ўладальнікі сядзіб прапануюць акунуцца ў сапраўдны побыт вяскоўцаў і адправіцца з раніцы на сенакос, накарміць хатнюю жывёлу ці заняцца выпечкай і спячы беларускі хлеб па старадаўніх рэцэптах.

Падрыхтавала Іна Чанчавік, belsat.eu

Стужка навінаў