«Чарнобыльскія» раёны – перадавікі ў сельскай гаспадарцы і нараджэнні дзяцей


У 13 найбольш пацярпелых ад катастрофы раёнах Гомельскай вобласці сёння размяшчаецца больш за палову пасяўных плошчаў рэгіёну, а таксама ўтрымліваецца дзве траціны ўсяго пагалоўя жывёлы.

Найбольш пацярпелымі ад аварыі таксама лічаць тры раёны Берасцейскай і пяць раёнаў Магілёўскай вобласці.

Паводле МНС, у гаспадарцы выкарыстоўваецца парадку 1,2 млн га зямель, забруджаных цэзіем, з якіх 350 тысяч гектараў адначасова забруджана стронцыем. Забруджаныя землі ёсць у 633 сельскагаспадарчых арганізацыях краіны.

За 30 гадоў чарнобыльскі цэзій і стронцый перажылі перыяд паўраспаду, гэта значыць іх актыўнасць знізілася на палову. Дадатковыя меры па ачыстцы забруджаных тэрыторый дазваляюць атрымліваць сельскагаспадарчую прадукцыю з нарматыўным зместам радыяцыі.

Тры з найбольш пацярпелых раёнаў з’яўляюцца найбуйнейшымі вытворцамі збожжа ў Гомельскай вобласці: Буда-Кашалёўскі раён вырабіў 158,7 тысяч тон, Рэчыцкі – 149,6 тысяч, Рагачоўскі – 138,7 тысяч тон збожжа.

Рагачоў лідаруе ў вытворчасці малака, а Кармянскі і Буда-Кашалёўскі раёны ў пастаўках лёну ў Гомельскай вобласці.

Лунінецкі раён першынствуе ў Берасцейскай вобласці па ўраджаі гародніны – у 2014 годзе там было сабрана 2,7 тысячаў тон.

Грашовыя дапамогі мацней радыяцыі

Эксперты ўжо не раз паказвалі на парадокс дэмаграфіі ў Хойніках: пасля аварыі чакаўся рост паталогій у людзей, якія зведалі ўздзеянне радыяцыі. У тым ліку жыхарам пацярпелых раёнаў прадказвалі праблемы з рэпрадуктыўнай сістэмай. Аднак неўзабаве жыхары Хойнікаў пачалі размнажацца больш актыўна, чым іншыя беларусы. На сайце Хойніцкага райвыканкаму дадзены феномен тлумачыцца павышаным грашовай дапамогай на дзяцей для жыхароў забруджаных тэрыторый.

Сёння ў большасці «чарнобыльскіх» раёнаў рэгіструецца вялікі ўзровень смяротнасці – да 20 чалавек на тысячу насельніцтва (сярэдні паказнік па краіне – 12,8 чалавек). Нават больш высокая нараджальнасць гэтую смяротнасць не кампенсуе.

Напрыклад, у Гомлі нараджальнасць складае ўсяго 11,3 дзяцей на тысячу чалавек насельніцтва, тады як у моцна пацярпелых ад аварыі Чачэрскім, Лельчыцкім, Кармянскім, Нараўлянскім раёнах нараджаецца больш за 15 дзяцей на тысячу чалавек.

У адным з «чарнобыльскіх« раёнаў – Нараўлянскім – зарэгістраваны нават прырост насельніцтва: тут нараджальнасць крыху вышэй, чым смяротнасць. Гэты раён на беразе Прыпяці, які мяжуе з Палескім радыяцыйным запаведнікам, мае малады твар: 22,9% насельніцтва складаюць людзі маладзей працаздольнага ўзросту, тады як старэйшых за працаздольны – 22,6%. Адным з працадаўцаў для моладзі раёну зʼяўляецца вядомая кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», размешчаная ў горадзе Нароўля.

ДР, belsat.eu паводле ej.by

Стужка навінаў