Чарнобыльскі шлях абраў у 2017 годзе новы маршрут


Арганізацыйны камітэт шэсця «Чарнобыльскі шлях» ва ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС плануе прайсці па вуліцах сталіцы маршрутам адрозны ад традыцыйнага.

Чальцы аргкамітэту, скіравалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне мітынгу і шэсця 26 красавіка.

Арганізацыйны камітэт плануе, што ўдзельнікі шэсця пройдуцца па вуліцы Багдановіча. Яны лічаць, што дзякуючы гэтаму больш людзей змогуць пабачыць шэсце і далучыцца да яго.

«Гэта не канфрантацыйны сцэнар таму, што мы не прадугледжваем масавых мерапрыемстваў побач з адміністратыўнымі будынкамі, што можа стацца правакуючым, раздражняючым і непрымальным для ўладаў», – падкрэсліў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Збор заяўлены а 18:00 на плошчы Парыжскай камуны перад Оперным тэатрам.

З 18:30 да 19:30 заяўнікі плануюць правесці мітынг.

З 19:30 да 20:30 шэсце пройдзе па вуліцы Багдановіча да памятнага знаку ахвярам Чарнобыля на скрыжаванні вуліц Арлоўскай і Лілі Карастаянавай.

А 20:30 заяўнікі плануюць ускладанне кветак да памятнага знаку ахвярам Чарнобылю.

Летась міліцыя ачапіла месца збору ўдзельнікаў металёвымі агароджамі, аддзяліўшы яго ад праспекту Незалежнасці, а таксама заблакавала праход на пляцоўку па другім паверх кінатэатра «Кастрычнік».

Падчас акцыі актывісты з расцяжкамі «Астравец – другі Чарнобыль» і лозунгамі «Жыве Беларусь!», «Не – АЭС у Беларусі!» і «Атам мірным не бывае» выйшлі за агароджу і сталі ля праезнай часткі. Пазней яны рушылі па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор. У акцыі ўзялі ўдзел каля 700 чалавек.

Упершыню «Чарнобыльскі шлях» прайшоў у 1989 годзе.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў