Чарнобыльскі шлях-2015 пройдзе пад лозунгам «Не – расейскай ядравай пагрозе»


Вулічная акцыя «Чарнобыльскі шлях», якая штогод праводзіцца дэмакратычнымі сіламі 26 красавіка, пройдзе сёлета пад лозунгам «Не – расейскай ядравай пагрозе».

Пра гэта распавёў 10 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску адзін з заяўнікаў мерапрыемства, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, паведамляюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН.

«Цяпер з Расеі гучаць заявы, што яна гатовая ўжываць ядравую зброю. Гэта небяспечна не толькі для Беларусі, але і ўсяго свету », – дадаў актывіст руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор.

Намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук назваў лозунг акцыі «вельмі актуальным». «Будаўніцтва АЭС у Беларусі вядзе расейская кампанія «Росатом». Якасць гэтага будаўніцтва выклікае сумнеў », – лічыць дзеяч.

Адзін з лідараў Беларуцскай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі акцэнтаваў увагу на палітыцы ўладаў, якая дазваляе засейваць землі, забруджаныя пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. «Калі ўлады лічаць гэта нармальным, то хай перанясуць свае дамы ў Брагін і Нароўлю, пабудуюць сабе зоны адпачынку і «аздараўляюцца»там са сваймі дзецьмі», – адзначыў ён, паведаміўшы, што аргкамітэт БХД рыхтуе адпаведны зварот да ўладаў.

«Чарнобыльскі шлях» – вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць у Менску штогод з 1988 года ў фармаце шэсця, якое звычайна завяршаецца мітынгам. Выключэннем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

Сёлета арганізатары правядуць толькі шэсце, адмовіўшыся ад мітынгу.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў