Чарнобыльскі шлях-2015: хочаш публічна ўзгадаць чарнобыльскую катастрофу? Заплаці!


Чарнобыльскі шлях» ужо ў гэтую нядзелю. Але сёлета традыцыйнае шэсце пройдзе не зусім традыцыйна. Арганізатары агучылі падрабязнасці спаткання з прадстаўнікамі сталічнае міліцыі, якая мае забяспечыць парадак падчас правядзення акцыі.

Хочаш публічна ўзгадаць чарнобыльскую катастрофу? Заплаці! Сума, якую запатрабавала сталічная міліцыя за ахову парадку падчас шэсця складае каля чатырнацацці мільёнаў рублёў.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ

СУАРГАНІЗАТАР «ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ»

«Патрабаванне аплаты за паслугі міліцыі гэта элемент палітычнага пераследу. Гэта таксама парушэнне права на свабоду сходаў».

Кіраўніцтва сталічнай міліцыі са свайго боку паабяцала, што атрыманыя грошы пералічаць у адзін з дзіцячых дамоў

Без адпаведнай жа аплаты, са словаў арганізатараў, «Чарнобыльскі Шлях» прымуць за несанкцыянаваную акцыю, а ягоныя ўдзельнікі могуць трапіць пад адміністратыўную адказнасць. На пытанне адкуль узялася новая практыка прадстаўнікі аргкамітэту пачулі.

ІЛЛЯ ДАБРАТВОР

СУАРГАНІЗАТАР «ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ»

«Міліцыя кажа, што рахункі выстаўляюць усім. Генерал Барсукоў сказаў, што і БРСМ плаціць і Белая Русь таксама».

Як заявілі агранізатары »Чарнобыльскага шляху«, прыніжальныя міліцэйскія працэдуры таксама паўплываюць і на саму хаду сёлетняга мерапрыемства.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ

СУАРГАНІЗАТАР «ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ»

«Не будзе мітынгу з увагі на парадак ягонага правядзення, калі людзям трэба прайсці адмысловы дагляд, каб трапіць на мітынговую пляцоўку. Таксама з увагі на адсутнасць гукаўзмацняльнай апаратуры, якую перашкаджаюць даставіць міліцыянты».

За тое ўдалося атрымаць дазвол, каб скончыць акцыю ля помніка »Ахвярам Чарнобылю« у Менску – Чарнобыльскай капліцы.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ

СУАРГАНІЗАТАР «ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ»

«Шэсце пройдзе да гэтага месца. Там будуць ускладзеныя знічкі і кветкі. Будзе хвіліна маўчання. Такім чынам мы ўшануем памяць гэтых людзей. У сваю чаргу рэзалюцыя, якую плануем прынятая перад пачаткам шэсця».

Якое запланавалі на палову трэцяй каля кінатэатру «Кастрычнік». Паводле заяўкі, чакаецца каля тысячы ўдзельнікаў.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ

СУАРГАНІЗАТАР «ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ»

«Мы разлічваем, што людзей будзе не менш чым на Дзень Волі. Мы разлічваем, што па ходу калоны людзі таксама будуць далучацца. Спадзяемся, што надвор’е будзе добрае».

І што абыдзецца без інцыдэнтаў з міліцыяй. Летась восем удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» трапілі ў арышт. Ад 15 да 25 содняў арышту прысудзілі па артыкулах «хуліганства» і «непадпарадкаванне міліцыі».

Ян Бабіцкі, belsat.eu

Стужка навінаў