Чарнобыль: завочная спрэчка ўладаў і апазіцыі

video

https://www.youtube.com/watch?v=zwWOetLIJfg

Напярэдадні трыццатай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных установаў у Бруселі распавядалі, як нашая краіна змагаецца з наступствамі адной з самых страшных тэхнагенных катастрофаў у гісторыі чалавецтва. З вуснаў чыноўнікаў сітуацыя выглядае досыць аптымістычна – з праблемаю радыяцыі збольшага справіліся. Прадстаўнікі ж апазіцыі настойваюць – небяспека ад забруджвання застаецца.

На канферэнцыі ў Бруселі прысутныя выключна прадстаўнікі дзяржаўных структураў – Міністэрства надзвычайных сітуацыяў і Мінпрыроды і… былы старшыня Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі Юрый Салаўёў, які цяпер прэзентуе грамадскае абʼяднанне «Экалагічная ініцыятыва». Сустрэча прайшла без незалежных экспертаў і, магчыма, як вынік – без еўрадэпутатаў, акрамя ўласна арганізатара канферэнцыі Іржы Машталкі.

«У 1986 годзе ніхто не хацеў такога досведу, але калі гэтак ужо здарылася – мы мусім узяць з гэтага ваш, беларускі досвед. Але гэта не азначае, што Чэхія будзе супраць атамнай энергетыкі, гэта проста досвед, дзеля энергетычнай бяспекі ў будучыні». – зазначае Іржы Машталка Дэпутат Еўрапарламенту.

У падобным рэчышчы выказваліся і беларускія госці: маўляў, дзякуючы абарончым захадам на забруджаных тэрыторыях вырошчваюцца прадукты, у якіх прысутнасць радыенуклідаў і цэзію-137 меншая, чымся ў тых, што растуць на «чыстых» тэрыторыях.

«У нас ёсць шэраг прадпрыемстваў на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання, харчовая прадукцыя якіх ідзе на экспарт, пры гэтым у краіны дальняга замежжа. Ад найбольш пацярпелых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь прадукцыя сельскагаспадарчая ідзе на экспарт – і ў ЗША, і ў Ізраіль і ў краіны Еўрапейскага Звязу», – распавядае Ігар Семяненя, Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі.

Чыноўнік заявіў таксама, што з-за рэжыму сакрэтнасці, якім савецкія ўлады атачылі чарнобыльскую катастрофу, вакол трагедыі паўстала процьма міфаў пра радыеактыўнае забруджанне.

Варта памятаць факты. На Беларусь прыпала амаль 70 % усяго радыеактыўнага забруджвання. На пацярпелых тэрыторыях апынуліся больш як два мільёны асобаў. Дзясяткі тысяч чалавек жывуць з павышанай рызыкай раку шчытападобнай залозы. Нават аптымістычна настроеныя беларускія чыноўнікі не бачаць магчымасці выкарыстоўваць каля 24-х соцень квадратных кіламетраў у самай аддаленай будучыні. Мы запыталі ў жыхароў Магілёва: ці сапраўды чарнобыльская праблема праз 30 гадоў стала менш актуальная?

«Ой, та ўжо ўсе забыліся пра гэта, мне падаецца і неяк гэта не адлюстроўваецца на людзях – усе жывыя здаровыя», – мяркуе дзяўчына.

«Ну, гэтая тэма будзе актуальная яшчэ хіба не адно дзесяцігоддзе, стагоддзі нават павінны прайсці, пакуль там стагоддзі пройдуць», – дадае мінак.

«30 гадоў мінула, усё што было дрэннае – мінула, перыяд паўраспаду ўжо прайшоў, узровень радыяцыі паменшыўся і народ стаў менш увагі звяртаць на гэта», – упэўнены жыхар Магілёву.

Перыяд паўраспаду, які сапраўды для большасці небяспечных элементаў ужо прайшоў, – зусім не азначае, што яны зніклі. За гэты час колькасць радыеактыўных часцінак змяншаецца ў два разы, нават за два перыяды паўраспаду, небяспечныя элементы па-ранейшаму могуць пагражаць здароўю людзей. Пра гэта штогод і нагадваюць дэмакратычныя актывісты ў гадавіну катастрофы – 26 красавіка.

«Чарнобыль – гэта не тая катастрофа, якая засталася ў мінулым, – яна на жаль працягваецца і лозунгі звязаныя – адлюстроўваюць такі падыход. Адзін з лозунгаў так і гучыць – чарнобыль ня скончаны, катастрофа працягваецца. Таксама мы выступаем і супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС у Беларусі», – даводзіць Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ

Арганізатары спадзяюцца атрымаць ад Менгарвыканкаму дазвол на акцыю ў дзень самой катастрофы, а 18-й гадзіне вечара, і прайсці маршам да Чарнобыльскай капліцы.

Усевалад Шлыкаў, «Belsat»

Глядзі таксама
Каментары