«Чарнобыль быў даўно»: як магілёўцы праз 29 год пасля аварыі на ЧАЭС змагаюцца за дапамогу хворым дзецям


Магілёўская дабрачынная гарадская арганізацыя «Водгук»на працягу амаль дваццаці год вывозіла за мяжу на аздараўленне дзяцей, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Апошнія два гады гэта рабіць немагчыма. Чаму – нам распавяла дырэктарка арганізацыі Яўгенія Цюркіна.

Каманда «Водгука» – дзесяць чалавек. Але стала працуюць, паводле Яўгеніі, далёка не ўсе. Найбольш заангажаваныя тыя, у каго ў саміх ёсць дзеці. «Водгук» заўсёды шукае валанцёраў ды іншую дапамогу.

«Брала спісы хворых дзетак у паліклініках і хадзіла па кватэрах»

«Водгук» працуе з 1995 года. Яўгенія Цюркіна ў арганізацыі ад самага пачатку. Да гэтага, з 1990 года яна працавала з пацярпелымі дзецьмі самастойна, з уласнай ініцыятывы. Дапамагаць пацярпелым ад Чарнобыля жанчыну падштурхнула ўласная сямейная гісторыя. У 1987 годзе нарадзілася ўнучка Таццяна. Дзяўчынка прыйшла на свет неданошанай, слабай. Менавіта тады спадарыня Яўгенія стала шукаць шляхі дапамогі – унучцы і такім дзецям, як яна. Тады ж жанчына звязалася са стваральнікам беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзем Грушавым і папрасіла аб дапамозе.

«Так і пачалося, – кажа спадарыня Яўгенія. – Я брала спісы хворых дзетак у паліклініках і хадзіла па кватэрах. Я размаўляла з дзецьмі, з іх бацькамі. Тады я асабліва ангажавалася ў дапамогу дзецям хворым на анкалогію».

З дапамогай Генадзя Грушавога шукалі фонды, дабрачынныя арганізацыі, вывозілі дзетак на лячэнне за мяжу.
Ва ўзросце сямі год спадарыня Яўгенія ўпершыню адправіла за мяжу сваю ўнучку, у Ірландыю, з якой як раз у гэты час, у 1994-95 гадах пачалося супрацоўніцтва.

«Унучка мела вельмі дрэнныя аналізы, заўсёды лімфацыты былі падвышаныя. Тут нічога з ёй зрабіць не маглі, – кажа жанчына. – А з Ірландыі яна вярталася зусім іншым дзіцём».

«Тады быў залаты час, а цяпер – жалезны»

Узгадваючы пачатак сваёй дзейнасці, Яўгенія Цюркіна кажа, што тады было нашмат прасцей дапамагаць: «Тады быў залаты час, а цяпер – жалезны – ну як іначай сказаць?»

Асноўным партнёрам «Водгука» з 1995 года быў ірландскі дабрачынны фонд «Праект дапамогі дзецям Чарнобыля». У 2013 годзе супрацоўніцтва з ім спынілася. Паводле спадарыні Яўгеніі, замежныя партнёры спаслаліся на тое, што Магілёў нібы быў прызнаны беларускай дзяржавай чыстай ад радыяцыі тэрыторыяй. Цяпер замежнага партнёра знайсці не атрымліваецца.

«Днямі ў нас былі харваты, я да іх звярнулася, і яны мне кажуць – ну, Чарнобыль ужо даўно быў, вы прыязджайце да нас як турысты – з ахвотай прымем», – распавяла спадарыня Яўгенія.

Праз маскоўскую фірму дырэктарка «Водгуку» знайшла магчымасць адправіць дзяцей на летнюю школу ў Дублін. Але – за грошы. І нават са зніжкамі сума выйшла 1300 еўра за чалавека.

«Нашыя бацькі не гатовыя столькі заплаціць», – зазначыла наша суразмоўца.

Але «Водгук» імкнецца не спыняць працу, і рабіць тое, што магчыма ў існуючых абставінах. Так, з 2013 года дзяцей аздараўляюць у магілёўскім лагеры «Крыніца». Дапамагчы атрымліваецца толькі дзеткам з Магілёва. Раней, паводле Яўгеніі Цюркінай, бралі і з вёсак. А цяпер за дзейнасцю пільна сочыць упраўленне юстыцыі, і, паколькі «Водгук» – гарадская арганізацыя, то і працаваць можа толькі з дзецьмі з рэгістрацыяй Магілёва.

Беларусь забылася пра чарнобыльцаў

Дырэктар беларускага прадстаўніцтва ірландскага дабрачыннага фонду «Праект дапамогі дзецям Чарнобыля» Таццяна Кліндзюк распавяла, што ірландцы і дагэтуль актыўна працуюць з Беларуссю, але ў апошнія гады профіль працы змяніўся. Раней фонд шмат займаўся дастаўкай гуманітарнай дапамогі і аздараўленнем дзяцей з забруджаных тэрыторый. Цяпер новых дзяцей не бяруць, а акцэнт робіцца на дапамозе дзіцячым дамам, у асноўным – сямейнага тыпу. Апошні вялікі праект – дапамога інтэрнату для дзяцей-інвалідаў у Глускім раёне.

Таццяна Кліндзюк кажа, што хацелася б больш увагі да праблемы наступстваў чарнобыльскай катастрофы з боку самой беларускай дзяржавы. «Ад замежных арганізацыяў зараз дапамогі хапае, і я б сказала, што менавіта ўвага замежнікаў больш прыкаваная да нашай праблемы. А вось дапамогі з боку дзяржавы і нашых, беларускіх кампаній, – не стае».

Данута Бароўская

Стужка навінаў