Чарнагорскую мову аддзялілі ад сербскай і афіцыйна прызналі


Міжнародная арганізацыя па стандартызацыі афіцыйна прызнала чарнагорскую мову адрознай ад сербскай.

Органы ўлады ў Чарнагорыі паведамілі, што краіна атрымала міжнародны код «ISO» для чарнагорскай мовы ад Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі, якая з’яўляецца глабальным органам па ўсталяванні стандартаў.

Нацыянальная бібліятэка Чарнагорыі, якая дзевяць гадоў дамагалася прызнання чарнагорскай мовы, паведаміла, што мове прысвоілі новы код – CRN.

Назва мовы па-ангельску і па-французску пішацца аднолькава – Montenegrin, але вымаўляецца па-рознаму. Такім чынам чарнагорская мова цяпер афіцыйна адасобленая ад сербскай, якой карыстаецца большасць жыхароў краіны.

Спрэчка наконт статусу сербскай мовы ў незалежнай Чарнагорыі разгарэлася ў 2007 годзе, праз год пасля аддзялення краіны ад Сербіі, калі была прынятая канстытуцыя з чарнагорскай мовай у якасці афіцыйнай, што выклікала незадавальненне сербскай супольнасці.

Чарнагорская мова стала афіцыйнай у сістэме адукацыі краіны ў 2011 годзе хаця большасць людзей карыстаецца сербскай.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва 2011 году, 36 % людзей заявілі, што яны гавораць па-чарнагорску, і 44 % грамадзянаў сказалі, што яны гавораць па-сербску.

Пасля некалькіх месяцаў тупіковай сітуацыі, чарнагорскі ўрад і лідары апазіцыі ў верасні 2011 года дамовіліся аб тым, што навучальны прадмет у сістэме адукацыі краіны будзе называцца «чарнагорска – сербская, баснійская, харвацкая мова і літаратура», якая разглядалася ў якасці кампрамісу на карысць вялікай сербскай супольнасці ў краіне.

Вучэбная праграма для школаў засталася амаль тая ж, з дадаваннем новага чарнагорскага алфавіту, які змяшчае 32 літары, на лацініцы і на кірыліцы (сербскі алфавіт мае 30 літар).

Але сербскія апазіцыйныя партыі, НДА і навукоўцы сцвярджаюць, што існуе дыскрымінацыя ў дачыненні да сербскай мовы і кірыліцы з 2011 года.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле balkaninsight.com

Стужка навінаў