Чарнагорскі прэм’ер вінаваціць Расею ў арганізацыі антыўрадавых пратэстаў


Прэм’ер-міністр Чарнагорыі Міла Джуканавіч мяркуе, што Расея разам з сербскімі нацыяналістамі граюць актыўную ролю ў пратэстах у Падгорыцы.

Пра гэта прэм’ер-міністр заявіў у інтэрвю харвацкаму тэлеканалу «HRT».

«Нацыяналістычныя сілы Сербіі робяць тое, што яны рабілі і раней. Яны спрабуюць, як мінулай ноччу, публікаваць прыдуманыя газетныя артыкулы з несапраўднымі фактамі. Няма сумневаў, што Расея грае актыўную ролю ў арганізацыі антыўрадавых пратэстаў у Падгорыцы», – заявіў Міла Джуканавіч.

Прэм’ер-міністр звяртае ўвагу на заявы расейскага МЗС адносна сітуацыі ў Чарнагорыі. Напрыклад, у адной з іх сцвярджаецца, што шлях Чарнагорыі ў НАТО можа быць праблематычным з пункту гледжання стабільнасці і дэмакратычнага развіцця.

«Я думаю, што мы маем дастаткова фактаў, каб меркаваць, што арганізатары пратэстаў у Чарнагорыі, на жаль, карыстаюцца вялікай падтрымкай звонку, маючы ў якасці сумеснай мэтай блакаванне шляху Чарнагорыі да еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі», – дадаў чарнагорскі прэм’ер.

У мінулую суботу чарнагорскія паліцыянты разагналі акцыю пратэсту апазіцыі. На вуліцы выйшлі каля 5 тыс. асобаў. Пратэстоўцы патрабавалі адстаўкі Міла Джуканавіча, які ва ўладзе з 91 года. Апазіцыя сцвярджае, што ён ператварыў краіну ў сваю вотчыну. Таксама пратэстоўцы выказалі прэтэнзіі супраць уступлення Чарнагорыі ў НАТО.

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары