«Чарнагорскі Лукашэнка» вядзе краіну ў Еўразвяз


Міла Джуканавіч, які атрымаў на выбарах у нядзелю 53,8 % галасоў, летась прывёў Чарнагорыю ў НАТО, а цяпер збіраецца зрабіць яе чальцом Еўразвязу.

Пасля абрання лідар Дэмакратычнай партыі сацыялістаў заявіў, што чарнагорцы пацвердзілі жаданне еўрапейскай якасці жыцця і сяброўства ў Еўразвязе.

Раніцай Аляксандр Лукашэнка даслаў Джуканавічу віншавальную тэлеграму.

«Вашая перамога сведчыць аб падтрыманні грамадзянамі курсу на забеспячэнне стабільнасці, паступальнае развіццё дзяржавы і ўмацавання яго аўтарытэту на міжнароднай арэне», – напісаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі дадаў, што спадзяецца на далейшае пашырэнне сяброўскіх беларуска-чарнагорскіх стасункаў і плённай супрацы ва ўсіх сферах.

Розныя Лукашэнкі

Джуканавіча калісьці называлі «чарнагорскім Лукашэнкам»: палітык кіруе краінай практычна няспынна з 1991-га – то ў ролі прэм’ера, то як прэзідэнт.

З гэтым не пагаджаецца гісторык Варшаўскага ўніверсітэту Рыгэльс Халілі (Rigels Halili).

«Джуканавіча можна назваць Лукашэнкам толькі праз стаж ува уладзе. Але ён не ўжывае метадаў Лукашэнкі, не абмяжоўвае так моцна свабоду слова, у яго няма эскадронаў смерці. Ён заахвочвае да супрацы з дапамогай подкупу. Гэта крыху іншы тып аўтарытарызму, – кажа Халілі. – Яшчэ адным аргументам можа быць тое, што Чарнагорыя пры ім стала чальцом НАТО».

І ў Лукашэнкі, і ў Джуканавіча ёсць эканамічная адукацыя. Спецыяльнасць першага – арганізацыя сельскай гаспадаркі, другога – турыстычная дзейнасць.

Выступаючы на пачатку 90-х супраць выхаду з Югаславіі і прысягаючы ў братэрстве сербскаму прэзідэнту Слабодану Мілошавічу, Джуканавіч цалкам змяніў уласны курс, абраўшы незалежнасць, эканамічныя рэформы і супрацу з Захадам.

«Джуканавіч цалкам кантралюе палітычную сістэму праз сістэму кругавой парукі, якая запэўнівае ягонае падтрыманне. У сувязі з гэтым яго можна параўнаць з Лукашэнкам. Але паміж Чарнагорыяй і Беларуссю ёсць вялікія розніца: па-першае, гэтая краіна адкрытая на заходнія інвестыцыі, па-другое, вельмі сур’ёзна ўцягнутая ў еўраатлантычную інтэграцыю. Калі мова вядзецца пра гаспадарку ці цывілізацыйную арыентацыю, Чарнагорыя знаходзіцца ў зусім іншым месцы, чымся Беларусь», – кажа Марта Шпала з Асяродку ўсходніх даследаванняў імя Марэка Карпа (Варшава).

Паводле спецыялісткі, Джуканавіч – вельмі спраўны палітык.

«Найперш ён супрацоўнічаў са Слабоданам Мілошавічам, а калі Югаславія аказалася пад санкцыямі, разарваў гэтыя сувязі, і пераарыентаваўся на Захад, што прынесла яму падтрыманне заходніх краінаў», – кажа Марта Шпала.

Пры Джуканавічу Чарнагорыя правяла рэферэндум, у выніку якога выйшла з канфедэрацыі з Сербіяй. Адразу пасля гэтага, летам 2006-га, Беларусь усталявала дыпламатычныя стасункі з Падгорыцай. Аднак да сёння ў нас няма паўнавартасных дыпламатычных пляцовак: ролю амбасадара ў Беларусі выконвае па сумяшчальніцтву пасол Сербіі, сядзіба беларускага пасла ў Чарнагорыі – бялградскае дыппрадстаўніцтва.

З Джуканавічам актыўна супрацоўнічалі расейцы. У 2005-м Алег Дзерыпаска набыў кантрольную долю ў двух чарнагорскіх кампаніях – «Камбінат алюмінію ў Падгорыцы» (КАП) і «Руднік баксітаў Нікшыч» (РБН), – якія былі на мяжы банкруцтва.

«Расея падтрымала незалежніцкія імкненні Джуканавіча, але пасля банкруцтва КАП Джуканавіч прыйшоў да высновы, што расейскі складнік яму невыгодны, і што яму будуць болей пасаваць праеўрапейскія слоганы», – кажа Марта Шпала.

Цяпер Расспажыўнагляд пачаў знаходзіць у чарнагорскіх вінах пестыцыды, а міністэрства замежных справаў раіць расейцам «двойчы падумаць перад тым, як ехаць адпачываць у Чарнагорыю».

Падчас парламенцкіх выбараў увосень 2016 года спецслужбы Чарнагорыі заявілі аб раскрыцці змовы па падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. У лютым 2017-га Чарнагорыя заявіла, што да змовы мае дачыненне Расея. Масква сувязь са спробай перавароту зняпраўджвае. У красавіку 2017-га афіцыйныя абвінавачанні прад’явілі лідарам апазіцыі Чарнагорыі.

Яе раз’яднанасць пасля абвінавачванняў у путчы дапамагла Джуканавічу з лёгкасцю перамагчы ўва ўчорашніх выбарах.

«Тое, што апазіцыя вельмі прарасейская, дапаможа Джуканавічу ў еўрапейскай інтэграцыі», – лічыць Халілі.

Альтэрнатыва Крыму

У 2009-м годзе ўрады Беларусі і Чарнагорыі падпісалі дамову аб узаемных паездках грамадзянаў без візаў да 30 дзён. Гэта падштурхнула развіццё турызму: цяпер Чарнагорыя ўваходзіць у дзясятку найбольш папулярных напрамкаў летняга адпачынку сярод беларусаў. Паводле Белстату, летась у Чарнагорыі «па пуцёўцы» адпачыла амаль 20 тысячаў нашых суайчыннікаў.

Паводле турагенцтва People Travel, вялікую ролю ў гэтым грае менавіта бязвізавы рэжым – у выпадку авіяцыйнага туру (інакш – даводзіцца рабіць візу транзітных краінаў).

«Для многіх беларусаў гэта вырашальны фактар», – кажуць «Белсату» у агенцтве.

«У прынцыпе, там няма моўнага бар’еру. Таксама там вельмі прыгожая прырода. Для тых, хто настальгуе па Крыме, Чарнагорыя – добрая альтэрнатыва, – дадае тураператар. – Пуцёўкі ў Чарнагорыю недарагія, але кошты ўнутры краіны – еўрапейскага ўзроўню».

У Еўразвяз – праз 7 гадоў

Летась Чарнагорыя далучылася да НАТО, стаўшы 29-м чальцом Альянсу. Цяпер вядуцца перамовы аб уступленні краіны ў Еўразвяз.

«Найважнейшы цэль Джукановіча – зрабіць Чарнагорыю чальцом Еўразвязу, ён кіраваўся ім у гэтай выбарчай кампаніі», – кажа Рыгэльс Халілі.

Згодна са стратэгіяй ЕЗ, гэта адбудзецца імаверна ў 2025 годзе. Пры ўмове, што Чарнагорыя правядзе неабходныя рэформы сілавых структураў, судоў ды антыкарупцыйных ведамстваў.

«Найвялікшай праблемай Чарнагорыі будзе забяспечыць у краіне вяршэнства закона – пакуль з гэтым ёсць праблемы. Джуканавіч за гады ўва ўладзе стварыў сістэму кругавой парукі», – кажа Халілі.

Некаторыя эксперты лічаць, што нават калі рэформы не будуць скончаныя, Брусель заплюшчыць вочы і краіну ўсё роўна прымуць – каб супакоіцца і заняцца рэформамі еўрапейскіх інстытутаў.

Паводле Халілі, цяпер больш залежыць ад Бруселю, чымся Падгорыцы.

«Больш важна, што адбываецца ў Еўразвязе, што адбываецца агулам у працэсе інтэграцыі Паўднёвай Еўропы», – дадае Рыгэльс Халілі.

На міжнароднай арэне Падгорыца салідарызуецца з аб’яднанай Еўропай ужо цяпер. Сёлета ўрад падтрымаў Вялікую Брытанію пасля атручвання Скрыпаля, выслаўшы аднаго расейскага дыпламата. У 2012-м Падгорыца далучылася да санкцыяў ЕЗ супраць Беларусі.

У гэтай невялікай краіне жыве 622 тысячы чалавек, на чарнагорскі рынак Беларусь увайшла толькі ў 2010-м годзе. Таваразварот з Чарнагорыяй невялікі – Белстат не ўключае яго ў гадавыя справаздачы па вонкавым гандлі.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў