Чарговыя прысуды ў справе «ашмянскіх мытнікаў»: Алесь Юркойць атрымаў 7 гадоў турмы


Суд Партызанскага раёну Менску асудзіў на розныя тэрміны зняволення 11 асобаў, былых супрацоўнікаў мытнага пункту пропуску «Каменны Лог».

Іх прызналі вінаватымі ў стварэнні арганізаванай злачыннай групы і атрыманні хабару. Ашмянскім мытнікам прысудзілі ад 5 да 11,5 гадоў зняволення.

Дзмітрыя Курневіча, якога суд прызнаў кіраўніком групы, асудзілі на 11,5 года.

Сваю віну не прызналі чатыры фігуранты справы. Яны атрымалі па 7 гадоў зняволення. Тыя, хто прызнаў віну, атрымалі па 5 гадоў.

Алесь Юркойць, былы мытнік, вядомы беларускі краязнавец і грамадскі дзеяч, не прызнаў віну. На судзе ён выступаў на беларускай мове. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару памерам 12 тысячаў долараў. З 7 гадоў паводле прысуду больш за 2 ён ужо правёў за кратамі падчас следства.

Былых мытнікаў пазбавілі званняў інспектараў мытнай службы. Акрамя таго, у іх канфіскуюць маёмасць, на працягу 5 гадоў ім забаронена займаць пэўныя пасады.

У 2015-ым годзе справу ашмянскіх мытнікаў распачаў Камітэт дзяржбяспекі. Тады ж гэтую справу каментаваў і кіраўнік краіны. Паводле Лукашэнкі, у карупцыйную схему былі ўлучаныя практычна ўсе працаўнікі Каменнага Логу. Гаворка пра шкоду дзяржаве на мільёны долараў, і гэтую шкоду, адзначыў Лукашэнка, мусяць скампенсаваць у трох- ці пяціразовым памеры. Агулам па справе «ашмянскіх мытнікаў» праходзіць 58 чалавек. Большую частку ўжо асудзілі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў