Чарговы тэракт у Турцыі: пры падрыве вайсковай аўтакалоны забітыя двое салдат


У выніку выбуху замініраванай аўтамашыны на паўднёвым усходзе Турцыі загінулі двое салдат і яшчэ чацвёра параненыя.

У заяве мясцовых уладаў гаворыцца, што напад быў здзейснены на вайсковую аўтакалону ў горадзе Ліджэ вечарам у суботу.

Напярэдадні турэцкія самалёты нанеслі ўдары па лагерах курдскіх сепаратыстаў на поўначы Іраку, падае Бі-Бі-Сі.

Турцыя ўпершыню ўжыла вайсковую сілу супраць курдаў з вясны 2013-га года, калі быў аб’яўлены мараторый на ваенныя дзеянні паміж Турцыяй і курдскімі паўстанцамі.

Працоўная партыя Курдыстану (ППК) пагражае парушыць пераміре ў выпадку далейшых дзеянняў турэцкай арміі супраць яе байцоў.

Беспарадкі ў Турцыі ўзмацніліся пасля выбуху, зладжаным смяротніцай на мітынгу курдскіх актывістаў у горадзе Суруч на мінулым тыдні. Тады загінулі 32 чалавекі, пераважна курдскія студэнты, якія збіраліся паехаць у Сірыю дзеля аказання дапамогі мясцоваму насельніцтву.

На мінулым тыдні вайсковае крыло Працоўнай партыі Курдыстану заявіла, што пакарала смерцю двух прадстаўнікоў турэцкай дзяржбяспекі, датычных, як сцвярджаецца, да арганізацыі сумесна з джыхадыстамі з групоўкі «Ісламская дзяржава» выбуху ў Суручы.

21 ліпеня адбыўся наступны тэракт – баевікі застрэлілі жандара. Мяркуецца, што нападнікі былі з Працоўнай партыі Курдыстану.

ЗША заклікалі абодва бакі пазбягаць гвалту, але падкрэслілі, што Турцыя мае права на абарону сябе ад нападаў курдскіх сепаратыстаў. Курды лічаць турэцкія ўлады вінаватымі ў няздольнасці спыніць джыхадыстаў з ІГ і абвінавачваюць улады ў тым, што яны выкарыстоўваюць гэтую групоўку ў якасці інструмента ціску на Працоўную партыю Курдыстану.

Адмыслоўцы кажуць, што супрацьстаянне турэцкіх уладаў і курдскіх сепаратыстаў, якое цягнулася 30 гадоў і прывяло да згубы 40 тыс. чалавек, можа разгарэцца з новай сілай.

Глядзіце яшчэ >>> У 13 правінцыях Турцыі ладзяць аблавы на баевікоў «Ісламскай дзяржавы»

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў