Чарговы раўнд перамоваў уладаў з іпэшнікамі: значных зрухаў няма


16 лютага адбылося чарговае паседжанне працоўнай групы пры Грамадска-кансультатыўнай радзе ў пытаннях развіцця прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі. Вынікамі сустрэчы з «Белсатам» падзялілася лідарка ІП Ірына Яскевіч.

– Спадарыня Ірына, чым скончылася сённяшняя сустрэча ў Мінэканомікі?

-Мы настолькі стомленыя і заблытаныя доўгімі размовамі пра адно і тое ж, што ўжо былі заявілі: давайце распусцім групу. З прэзідыюму прапанавалі “паразмаўляць канструктыўна”. Па двух пунктах, ад якіх залежыць, ці мы зможам працаваць, рабочая група гатова перадаць свае напрацоўкі ў Мінюст. Першае: калі сертыфікат на тавар ужо ёсць у базе дадзеных Дзяржстандарта, то ў ІП няма абавязку чарговы раз прадастаўляць адзінку на выпрабаванні ў лабараторыю. Другое: ІП не мае несці адказнасць за трэціх асобаў. Калі апынецца, што расейская фірма зачынілася ці скасоўвае ўгоду, то гэта не будзе падставай канфіскоўваць тавар у нас. Але зноў жа пакуль што гэта толькі прапанова. Яе будуць разглядаць 10 дзён.

– Сярод прапановаў з боку ІП – “амністыя” для гандляроў, якія атрымалі штрафы ці канфіскацыю тавару з ліпеня 2014, калі ўступіў у сілу Указ №222, і да студзеня 2016. Які ейны лёс?

– Пакуль што ніякі. Без гэтага прадыпрмальнікі нават не могуць спакойна зачыніць сваю справу. Нас пытаюць, чаму мы не распрадалі тыя рэшткі. Адкуль я ведаю? Мы таксама можам спытацца, чаму вы трактары і склады легрому не прадалі? Калі дзяржава са сваймі магчымасцямі не можа гэта зрабіць, то чаго чакаць ад асобнага чалавека…

-Які вынік меў учарашні мітынг у Менску?

-У адкрытую пра гэта ніхто не кажа, але я думаю, што быў. Людзі прыйшлі не пад уплывам лідараў ці партый. Але таму што ёсць вострая праблема. Я спадзяюся, нас зразумеюць правільна. Індывідуальныя прадпрымальнікі, на жаль ці на шчасце, апалітычныя людзі. Яны палітыкі баяцца і не разумеюць яе. Толькі частка ўчора выйшла на плошчу свядома. Большасць хацела аднесці свае патрабаванні ў Адміністрацыю прэзідэнта і выйсці на сваю працу. Нашае пытанне ўжо выходзіць з плоскасці бізнесу і становіцца праблемай беспрацоўя.

Заўтра Ірыну Яскевіч чакае суд за ўдзел у мітынгу 18 лютага на плошчы Незалежнасці ў Менску. 22 лютага а 12-й гадзіне ІП дамовіліся сабрацца на Кастырчніцкай плошчы зноў. Наступная сустрэча рабочай групы запланавана на 24 лютага.

Х.М., belsat.eu

Стужка навінаў