Чарговы прысуд-328: у Магілёве 18-гадовай дзяўчыне далі 8 гадоў


​Ульяну Галубцову арыштавалі 13 лютага: міліцыя забрала яе проста з працы. Паколькі на той момант ёй яшчэ не было 18 год, то ў Следчы камітэт выклікалі бацькоў: тата Ульяны Сяргей прысутнічаў з ёй на допытах. Ён даводзіць, што дачку падставілі.

5 чэрвеня Суд Кастрычніцкага раёну гораду Магілёва разгледзеў справу Ульяны ды прызнаў яе вінаватаю ў незаконным абароце псіхатропных рэчываў. Суд палічыў, што падсудная «набыла і збыла крышталічнае рэчыва, у складзе якога знаходзіліся асабліва небяспечныя псіхатропы». За гэта ёй прысудзілі 8 год папраўчай калоніі агульнага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

Дзень свайго паўналецця Ульяна сустрэла ў Магілёўскай турме № 4. Сваёй віны яна не прызнае і кажа, што ніякага злачынства не здзяйсняла.

Апошняе слова

«Наркотыкі – гэта страшна, з імі трэба змагацца, але не такімі спосабамі. Тыя, хто сапраўды ўжываюць і займаюцца збытам наркотыкаў, ходзяць на волі, а я зараз сяджу за кратамі. У турме жыцця няма, а я сапраўднага жыцця яшчэ не бачыла. Прашу не караць мяне» – гэтак Ульяна звярнулася да суддзі ў сваім апошнім слове.

Пракурор прасіў пакараць Ульяну 11 гадамі зняволення. Змякчальных фактараў бок абвінавачвання не ўгледзеў, а ў якасці абцяжарваючых назваў карыслівасць учынку. Паводле ж адвакатаў, у справе адсутнічаюць доказы карыслівасці – Ульяна не ўзяла сабе ні грошы, ні наркотыкі.

Дзіця прадае даросламу наркаману псіхатропы?

Па версіі следства непаўналетняя Ульяна праз інтэрнэт прапанавала даросламу, неаднаразова судзімаму за наркотыкі грамадзяніну Хомчанку набыць у яе псіхатропныя рэчывы. Той перадаў інфармацыю аператыўнаму супрацоўніку Максіму Лысякову, які і вырашаў зладзіць праверачную закупку.

Падстаўным пакупніком быў уласна Хомчанка. 20 лістапада 2017 года ён перадаў Ульяне памечаныя грошы, каб тая паклала іх на інтэрнэт-кашалёк, а затым паехала ў лес па закладку з наркотыкамі. Гэтую закладку Хомчанка забраў у Ульяны на прыватнай кватэры.

Версія Ульяны іншая: 20 лістапада яна сустрэла раней вядомых ёй Хомчанка і Сакалову, якія на той момант былі сужыцелямі. Хомчанка спаслаўся на зламаны тэлефон і папрасіў скарыстацца з тэлефону Ульяны. Ён замовіў наркотыкі і даручыў дзяўчынам схадзіць пакласці грошы на электронны кашалёк. Даў ім 100 рублёў. Ульяна і Сакалова паклалі грошы, а затым паехалі ў лес шукаць закладку. З пакункам яны паехалі на кватэру да Хомчанкі і Сакаловай, дзе Сакалова адчыніла пакунак і папрасіла Ульяну аддаць ягонае змесціва Хомчанку.

Прэмія 1 800 рублёў за кожны гэткі прысуд

Бацькі Ульяны гавораць, што былі гатовыя да абвінаваўчага прысуду, бо бачылі, як ідзе працэс. Тлумачэнні сведкаў яны лічаць ілжывамі.

«Я ведаю, што за кожнага такога асуджанага па 328 артыкулу, і не важна, што гэта яшчэ дзіця, выпісваюць 1 800 рублёў прэміі. Ім патрэбныя гэтыя прысуды дзеля выканання планаў і каб зарабіць грошы. Людзі проста робяць сабе кар’еру. А тое, што тут адбылося – гэта поўная падстава. Мы будзем абскарджваць гэты вырак. А з заўтрашняга дня я пачынаю сухі пост», – гаворыць бацька Ульяны Сяргей.

У справе разглядаецца і даказваецца толькі адзін факт – праверачная закупка. Аператыўнік Максім Лысякоў спасылаецца на інфармацыю аб дачыненні Ульяны да збыту наркотыкаў, але не прыводзіць канкрэтныя факты. А значыць, паводле адвакатаў, працэдура праведзена з парушэннем заканадаўства, бо не было падставаў для правядзення праверачнай закупкі. Ульяна нават не стаяла на ўліку ў наркалагічным дыспансеры.

Закон забараняе падбухторваць да злачынства, а менавіта гэтак і было зроблена падчас праверачнай закупцы, лічаць адвакаты. Ульяна заявіла ў судзе, што яна не прапаноўвала набыць наркотыкі, гэта падстаўны пакупнік (паміж іншым, яе добры знаёмы, да якога Ульяна мела давер) прасіў дапамагчы набыць іх.

«Дазнаўца Максім Лысякоў – самы зацікаўлены ў абвінаваўчым сыходзе справы чалавек: ён атрымаў аператыўную інфармацыю, кіраваў кантрольнай закупкай, апытваў усіх сведкаў. Гэты чалавек прыцягнуў сабе ў дапамогу прадстаўнікоў грамадскасці, якіх выкарыстоўваў у падобных справах ужо не раз. Гэта стандартная схема: следчы, падстаўны пакупнік і прадстаўнік грамадскасці – усе знаёмыя паміж сабой, а значыць, у нейкім плане залежныя адзін ад аднаго», – заяўляе ў судзе адвакат.

​Праверачную закупку ажыццяўлялі наркаманы?

Паводле бацькоў Ульяны, на момант правядзення праверачнай закупкі Хомчанка і Сакалова былі сужыцелямі, але на судзе яны казалі, што не ведаюць адзін аднаго. Бацькі асуджанай сцвярджаюць, што Хомчанка неаднарозова сядзеў за наркотыкі, а Сакалова пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў скокнула з вакна і зламала ногі.

На судзе Хомчанку апытвалі без прысутных. Бацькі Ульяны заяўляюць, што акрамя іхняй дачкі Хомчанка такім жа чынам падстаўляў і іншых людзей, ім дакладна вядома пра выпадак, калі з падачы Хомчанка 25-гадовую жанчыну асудзілі па 328 артыкулу на 10 гадоў зняволення.

Захады канфідэнцыйнасці ўжываюцца ў выпадку, калі існуе пагроза жыццю ці здароўю сведкаў. У матэрыялах справы адсутнічаюць доказы, што такая пагроза існавала ў гэтым выпадку. Сэнсу хаваць сапраўдныя імёны сведкаў таксама не было – Ульяна з імі была знаёмая і ведала не толькі імёны, але і іх месца жыхарства.

Адвакаты Ульяны даводзяць, што гэтыя захады ўжытыя не ў мэтах бяспекі, а каб апытаць сведкаў у закрытым судовым паседжанні і схаваць ілжывыя паказанні.

Чакалі 3 месяцы, каб распачаць справу

Праверачную закупку здзейснілі ў лістападзе 2017 года. А крымінальная справа супраць Ульяны была распачата толькі ў лютым. Навошта спатрэбілася чакаць 3 месяцы? «А таму, што паказнікі за 2017 год ужо былі выкананы, – заявіў на судзе адвакат Ульяны, – і справу вырашылі перакінуць на 2018 год».

Пракурор у якасці абцяжарваючага чынніка назваў карыслівасць учынку, але яна засталася не даказана, лічаць адвакаты. Ульяна Галубцова падчас праверачнай закупкі не атрымала ні грошай, ні наркотыкаў. Хомчанка перадаў ёй грошы, якія яна цалкам паклала на пазначаны ім электронны кашалёк.

Бацькі распавядаюць, што Ульяна наведвала секцыю жаночага футболу, мела шмат сяброў, была вельмі камунікатыўнай. На момант затрымання Ульяна была студэнткай першага курсу завочнага аддзялення ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары