Чарговы год без Савецкага Саюзу (+ фільмы «Белсату»)


Дваццаць тры гады таму – 8 снежня 1991 года – у рэзідэнцыі «Віскулі» ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расеі ды Украіны падпісалі пагадненне, у выніку якога спыніла існаванне вялізная імперыя – СССР, а на палітычнай арэне з’явіліся пятнаццаць самастойных дзяржаваў.

Гэтак званае Белавежскае пагадненне паклала канец 69-гадовай гісторыі Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублікаў, які яшчэ нядаўна падаваўся магутнаю і не знішчальнаю імперыяй. Прычым аб спыненні існавання СССР як субекта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці абвесцілі лідары тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі.

Галоўным дасягненнем пагадненняў у Белавежскай пушчы называюць тое, што СССР распаўся мірна, без крывавага перадзелу савецкай спадчыны.

На міжнароднай арэне распад Савецкага Саюзу азначаў канчатковы крок да спынення гонкі ядравых узбраенняў, а разам з гэтым – заканчэнне шматгадовай халоднай вайны. Для пятнаццаці ж былых савецкіх рэспублік пагадненне ў Віскулях адкрывала новыя магчымасці і новыя шанцы.

«Расея першы раз за дзвесце гадоў свайго існавання прызнае Беларусь не калоніяй, а незалежнаю дзяржаваю», – падкрэсліў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

У фільматэцы «Белсату» ёсць фільм Віктара Аслюка «Асколкі», які распавядае, як змяніліся людзі пасля распаду Савецкага Саюзу. Стужка даследуе, што сёння людзей аб’ядноўвае, а што іх дзеліць.

Аўтары дакументальнай стужкі «КПСС – прыгоннае права Савецкага Саюзу» на пераканаўчых фактах савецкай гісторыі паказваюць, якім чынам будавалася (а ў сённяшняй Беларусі і цяпер застаецца) моцная сістэма татальнага прыгнечання чалавечай асобы, пазбаўлення яе грамадзянскіх правоў і ўсякіх шанцаў на годнае жыццё. Ці настолькі непахісная гэтая сістэма?

Рэпартаж Міхаіла Аршынскага «Кукабака – вязень сумлення» распавядае пра аднаго з самых вядомых беларускіх дысідэнтаў. Былы палітзняволены правёў у савецкіх турмах, працоўных лагерах і псіхіятрычных шпіталях 17 гадоў. Герой фільму на сваім жыццёвым прыкладзе паказвае механізм рэпрэсіяў. Выпрабаванні няволяю не зламалі Кукабакі: ён і за кратамі працягваў антысавецкую дзейнасць, баронячы правы вязняў.

Дакументальны фільм Уладзіміра Самойлава «НКВД – Гестапа. Браты па крыві» распавядае пра супольнае ў працы савецкага НКВД і нямецкага Гестапа. У Літве і Нямеччыне дзейнасць абодвух гэтых арганізацыяў прызнаная злачыннаю, а ў Беларусі высокія чыноўнікі да сёння заяўляюць, што «нашыя чэкісты» не нясуць нават маральнай адказнасці за рэпрэсіі супраць сотняў тысяч і мільёнаў невінаватых людзей у сталінскія часы. Нават тыя, хто ўласнаручна катаваў і расстрэльваў людзей не за злачынствы, а паводле «разнарадкі».

У цэнтры дакументальнага фільму «Украіна. Пункт адліку» – эпахальныя падзеі 1989-1991 гадоў назаўжды змянілі геапалітычную канфігурацыю свету, сталі пераломнымі ў гісторыі шматлікіх краінаў Еўропы, якія здабылі дзяржаўную незалежнасць і абралі для сваіх народаў шлях самастойнага развіцця.

У фільме здымаліся першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук, кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, адзін з галоўных ідэолагаў вонкавай палітыкі ЗША Збігнеў Бжэзінскі і іншыя.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў