Чарговая хваля ціску на незалежных журналістаў


Журналістку Марыну Маўчанаву хочуць засудзіць «за выраб і распаўсюд» сваіх артыкулаў.

Паводле беларускіх праваахоўнікаў, журналістка Марына Маўчанава парушыла артыкул 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» (дэ-факта за працу без акрэдытацыі – belsat.eu). Журналістцы пагражае штраф да Br 7,5 млн.

У пятніцу, 29 жніўня, незалежная журналістка атрымала позву з патрабаваннем з’явіцца ў бабруйскай міліцыі ў якасці асобы, якая парушыла заканадаўства аб СМІ.

1 верасня, журналістка прыйшла ў бабруйскую міліцыю, дзе яе дапытваў падпалкоўнік Рудзько Сяргей Уладзіміравіч.

«Ён спецыялізуецца на палітычных справах у Бабруйску. Праз яго праходзяць усе праваабаронцы, палітычныя актывісты», – адзначыла ў размове з «Белсат» Марына Маўчанава.

Асаблівую цікаваць падпалкоўнік праявіў да артыкулу журналісткі пра дабрачынны рух «Клуб-5000», апублікаваны ў тым ліку і на belsat.eu, у якім распавядаецца пра тое, як грамадскія актывісты дапамагаюць анкалагічным цэнтрам.

Аналагічнае запрашэнне атрымаў берасцейскі журналіст «Беларускага Радыё Рацыя» Яўген Скрабец.

31 жніўня журналісту патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі з’явіцца ў аддзяленні. «Голас у слухаўцы прамаўляў, што хоча ўзяць у мяне тлумачэнні з нагоды публікацыі на сайце «Беларускага Радыё Рацыя», – распавёў Скрабец прэс-службе «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Гэта ўжо не першая спроба прыцягнуць да адказнасці журналістаў-фрылансераў, якія не маюць дазволу ад уладаў на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Сёлета ў Гарадзенскай вобласці адразу тры журналісты атрымалі штрафы за працу без акрэдытацыі.

Журналіст тэлеканалу «Белсат» Алесь Залеўскі быў аштрафаваны паводле таго ж самага артыкула. Фактычна, гэта было пакаранне за рэпартаж пра прыватны краязнаўчы музей у Міры, які мае больш аўтэнтычных экспанатаў, чымся дзяржаўны.

У чэрвені старшыня офіса АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч, якая выказала заклапочанасць прыцягненнем журналістаў да адміністратыўнай адказнасці і заклікала беларускія ўлады не чыніць штучныя перашкоды прэсе.

Нагадаем, што 2 верасня ў Вярхоўным судзе распачнецца паўторнае слуханне па «справе Белсату». Прэзідыум Вярхоўнага Суда пастанавіў, што закрытую сёлета справу супраць нашага тэлеканалу трэба перагледзець.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў