Чарговае ДТЗ з пʼяным міліцыянтам. Гэтым разам у Лунінцы


Супрацоўнік міліцыі на Renault выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з металёвай агароджай ля пуцеправода. 18-гадовая пасажырка, якая была з ім, атрымала цяжкія траўмы.

Дзяўчыну шпіталізавалі ў Лунінецкую цэнтральную раённую больніцу, паведаміла БелаПАН.

У крыві міліцыянта выявілі 1,7 праміле алкаголю. Аўтамабіль належыць ягонаму бацьку. Праваахоўнік знаходзіўся на службе, у цывільным адзенні.

Супраць яго распачалі крымінальную справу за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага апʼянення, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Праводзіцца праверка.

Цяпер 30-гадовы супрацоўнік Лунінецкага РАУС у ізалятары часовага ўтрымання.

Раней у Беларусі ўжо прыцягвалі да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія кіравалі ў нецвярозым стане і праз гэта трапілі ў ДТЗ. У 2008 годзе, паводле міліцэйскай зводкі, намеснік старшыні Лунінецкага РАУС пра такіх абставінах збіў 14-гадовую дзяўчынку. Трыма гадамі пазней на Случчыне ў ДТЗ з удзелам пʼянага міліцыянта загінулі 2 асобы. Летась п’яны начальнік дарожнай аўтаінспекцыі з Баранавічаў збіў на смерць жанчыну. У красавіку затрыманы начальнік Столінскага РАУС.

ДР belsat.eu

Фота inform-progulka.by

Стужка навінаў