Чаму Захад змог дамовіцца са Сталіным, а з Пуціным – не можа?


Зянон Пазняк разважае ў студыі праграмы «ПраСвет» пра падабенства і адрозненні ў сусветнай палітыцы падчас Другой сусветнай і ўкраіна-расейскага канфлікту.

Глядзіце відэа ад 15:40.

Сёлета – угодкі Ялцінскай канферэнцыі, якая вызначыла палітычную сітуацыю ў Еўропе на доўгія дзесяцігоддзі. Кіраўнік кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк ейныя вынікі ў цэлым ацэньвае станоўча, хоць да беларусаў тады ніхто не прыслухоўваўся: «З аднаго боку, Заходняя Беларусь вярнулася ў сваё лона, затое страцілі Вільню – сталіцу, а потым […] і Беласток. Хаця Ялцінская канферэнцыя зацвердзіла лінію Керзона. Гэтае рашэнне было станоўчае […] для Еўропы і для міра».

Паводле палітыка, вайна паміж Украінаю і Расеяй толькі пачалася, таму такіх вынікаў, як на Ялцінскай канферэнцыі, пакуль чакаць не даводзіцца.

«Украінцы павінны быць гатовыя да таго, што ніхто з Еўропы ім рэальна не дапаможа, – гаворыць Зянон Пазняк. – Гэта звычайная еўрапейская палітыка, яна такою была і ў 1930-х гадах. Гэта чэмберленаўшчына. Яны ў любой сітуацыі – гэта такая псіхалогія – яны думаюць толькі пра свае інтарэсы. […] Яны могуць кінуць пад ногі і прынесці ў ахвяру любую краіну і любы народ, калі толькі пад іхную еўрапейскую бочку будзе працякаць вада».

Госць праграмы падкрэслівае, што дзеля таго, каб вырашыць канфлікт, павінны ўключыцца ЗША, і нагадвае, што менавіта гэтая краіна вырашыла зыход другой сусветнай вайны. У Еўропе ж, паводле палітыка, аб’ядналіся скрайне левыя і скрайне правыя сілы, якія разам падтрымліваюць Пуціна. А прэзідэнт Расеі гатовы ісці да канца дзеля ідэі Еўразійскага звязу, які блякне без удзелу Украіны. «Справа не ў Данбасе і не ў Крыме. Наступным будзе Кіеў. Таму нельга ісці ні на якія саступкі. […] Яны ж [Захад – belsat.eu] павінны разумець, што мадэрнізуецца расейскае войска, што ваенны бюджэт Расеі складае 25 % цяпер, а ў Еўропе – трошкі болей за 1 %. Гэта смешна. Таму трэба дзейнічаць хутка і рашуча. Яны так не робяць, ну і ў выніку могуць атрымаць Трэцюю сусветную вайну».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў