Чаму забуксаваў «Астравецкі шлях»?


У Радашковічах прайшла чарговая акцыя «Астравецкі шлях». Улады, як і ў Заслаўі, не далі дазвол на правядзенне, таму зноў давялося змяняць фармат з пратэставага маршу на збор подпісаў ды круглы стол. Але і гэта не ўдалося правесці.

Як прайшла акцыя?

Удзельнікі акцыі «Астравецкі шлях» у Радашковічах

Ля помніка Янкі Купалы ў прызначаны час сабралася 8 чалавек. Міліцыянтаў вакол было значна болей. Таксама былі падлучаны супрацоўнікі ДАІ, якія на ўездзе ў горад сустракалі актывістаў. На Вячаслава Сіўчыка быў складзены пратакол. Пасля ўскладання вянка да помніка Янкі Купалы да актывістаў падышлі супрацоўнікі міліцыі ды папярэдзілі пра адказнасць за правядзенне забароненага мерапрыемства. Кавярня, у якой мусіў адбыцца круглы стол, аказалася зачыненай ды ачэпленай супрацоўнікамі міліцыі, ды людзьмі ў цывільным з відэакамерамі ды навушнікамі. На гэтым вырашылі акцыю скончыць.

Якой мусіла быць акцыя?

Ідэя акцыі была агучана яшчэ ў час Чарнобыльскага шляху 26 красавіка. Планавалася, што кожны месяц 26 дня па чарзе ў розных гарадах паміж Менскам і Астраўцом будуць праходзіць масавыя пратэсты супраць запуску Астравецкай атамнай станцыі, аж да лістападу, калі па плане на АЭС мусяць загружаць ядравае паліва. Першы энергаблок плануюць запусціць налета, другі – у 2020-ым годзе.

Праводзіць недазволеную акцыю ці не?

Арганізатары апынуліся перад выбарам, праводзіць без дазволу, ці змяніць фармат. Выбралі – другое. Бо правядзенне шэсця пагражала чарговым ціскам, рэпрэсіямі, арыштамі ды велізарнымі штрафамі не толькі арганізатарам, але і ўдзельнікам. Абраны ж фармат можна акрэсліць як «робім, бо не можам не рабіць», але казаць пра эфектыўнасць ад такой акцыі не выпадае.

Ці ёсць сэнс ад удзелу ў «Астравецкім шляху»?

«Наша мэта – спыніць будаўніцтва астравецкай АЭС», – амбіцыйна заяўлялі арганізатары. Але абедзве акцыі не наблізілі дасягненне мэты. Перад любым мітынгам, шэсцем ці дэманстрацыяй звычайна ставяцца задачы: публічна выказаць грамадскае меркаванне наконт праблемы, прыцягнуць увагу грамадскасці ды павялічыць вулічнае падтрыманне; – выкананне гэтых задач таксама выклікае пытанні.

Чаму шматлікія медыі не пішуць пра «Аставецкі шлях»?

Пратэставыя акцыі заўжды прыцягваюць увагу і цікавасць гледачоў ды чытачоў. Таму часта на маршах і акцыях журналістаў амаль столькі ж, колькі ўдзельнікаў. На мінулай акцыі «Астравецкага шляху» у Заслаўі ды ў Радашковічах з журналістаў былі толькі прадстаўнікі тэлеканалу Белсат. Хаця першапачаткова шмат якія медыі планавалі дасылаць карэспандэнтаў, праводзіць онлай-трансляцыі з запланаванай акцыі, але з-за змены фармату – усё адмянілі. Круглы стол не можа прыцягнуць увагу гледачоў ды чытачоў. Падрабязна пераказваць праблемы, узнятыя ў час дыскусіі, медыі не будуць.
Доўга не было вядома, ці будзе дадзены дазвол на правядзенне акцыі, а анансаванне забароненай падзеі пагражае праблемамі для саміх медыяў, таму і за анонс у асноўным браліся толькі тыя, хто не баіцца згубіць акрэдытацыю.

Ці ведалі грамадзяне пра акцыю?

Не быў створаны інтэрнэт-сайт прысвечаны «Астравецкаму шляху». Не было і прамоцыі сярод мясцовых жыхароў. Актыўнай інфармацыйнай працы ў сацсетках таксама не праводзілася. Арганізатары вырашылі не заклікаць людзей на несанкцыяванае мерапрыемства. Але абяцаюць, што кінуць сілы на інфармаванне пра акцыю ў Маладзечне.

Ці зручны час?

Тэорыя кажа, што каб забяспечыць максімальную яўку ўдзельнікаў, неабходна ладзіць акцыі ў не працоўны час, пажадана – у выходны дзень, але не ў час адпачынкаў. Арганізатары абралі сэнсавае напаўненне даты, дзень Чарнобыльскай аварыі, 26 дня кожнага месяца. Сёння аўторак. Збор удзельнікаў распачаўся ў Радашковічах а 16 гадзіне.

Кааліцыйная падтрымка: хто далучыўся да арганізацыі?

Праблема будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі відавочная, яе падзяляюць шматлікія палітычныя партыі ды рухі. Арганізатарамі «Астравецкага шляху» выступілі Беларуская партыя «Зялёныя», БХД ды рух салідарнасці «Разам».

Роля дзяржавы ў правядзенні акцыі?

І ў Заслаўі, і ў Радашковічах заяўкі на правядзенне маршаў былі пададзены загадзя згодна з заканадаўствам. Выкананы ўсе патрабаванні на гарантаванае канстытуцыяй правядзенне мірнага сходу. Але традыцыйна дзяржава парушыла свае абавязкі і не дала дазвол, і ёй за гэта нічога не будзе. І ў Заслаўі, і ў Радашковічах удзельнікаў увесь час суправаджалі супрацоўнікі міліцыі, якія дэманстратыўна рабілі выгляд шпіёнаў, лазілі ў кустах, ды ўсё фіксавалі на прыхаваныя відэакамеры. Таму галосна выказаць свае прэтэнзіі адносна магчымасці ўдзелу грамадскасці ў працэсе прыняцця дзяржаўных рашэнняў, а менавіта адносна будаўніцтва АЭС, не ўдалося. Толькі за заклікі да правядзення шляху быў аштрафаваны на 45 базавых велічыняў сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец. Таксама былі складзены пратаколы на іншых удзельнікаў.

Рабіць ці не рабіць?

Каб мэты ўдзельнікаў былі дасягнуты, патрэбныя яркія, запамінальныя, магчыма скандальныя масавыя акцыі. Шмат гадоў рэпрэсіяў, забаронаў, страху, парушэнняў правоў і свабодаў прывялі да таго, што маем – вельмі складаных умоваў для арганізацыі акцый пратэсту ды магчымасцяў для выказвання грамадскасці. Усё ў краіне створана, каб задушыць любую пратэставую актыўнасць. Таму крытыкаваць арганізатараў – вельмі лёгка. На любы абраны шлях дзяржава прыдумвае свой рэпрэсіўны адказ, выстаўляючы арганізатараў у негатыўным святле. Але і апраўдвацца гэтым – не выйсце. Няма спрыяльных умоваў, але іх і не будзе: дзяржаўны апарат працуе, і пры арганізацыі падобных падзеяў неабходна гэта ўлічваць.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары