Чаму вайсковая вытворчасць у Беларусі паказвае шалёны рост?


Грошай на новыя ўзбраенні няма, а ваяваць трэба ўжо цяпер. З гэткаю праблемай сутыкнуліся шэраг краінаў арабскага свету на пачатку гэтага дзесяцігоддзя, калі расстрэлы ўладамі мірных дэманстрацыяў ператварылі там цывільныя пратэсты ў грамадзянскія войны.

Што можам прапанаваць?

Паставіць аптычныя прыцэлы, аўтаматызаванае кіраванне ды розныя іншыя сучасныя прылады на зброю мінулага стагоддзя, якую Савецкі Саюз масава пастаўляў у арабскія краіны. У гэтай нішы Беларусь мае вялікую канкурэнтную перавагу – дзякуючы вялікай вайскова-прамысловай базе, што засталася з савецкіх часоў.

«Старую тэхніку, якая яшчэ жыве і можа яшчэ гадамі, дзесяцігоддзямі эксплуатавацца, бедныя краіны жадаюць мадэрнізаваць і шукаюць такога вытворцу, які б мог танна гэта зрабіць. І Беларусь такія паслугі дае», – зазначыў вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Чаму цяпер?

Дадатковы імпульс айчыннаму прамысловаму комплексу даў расейска-ўкраінскі ваенны канфлікт. Раней прамысловыя комплексы гэтых дзвюх дзяржаў былі пераважна завязаныя адзін на другога. Але пасля разрыву кааперацыйных сувязяў і паўднёвы наш сусед, і ўсходні пачалі шукаць замены ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка тады паставіў задачу пачаць не толькі мадэрнізаваць узбраенні, але і перайсці да іх вырабу.

«Момант сёння такі. Ім трэба скарыстацца. Нам трэба ісці далей. Нам трэба ствараць самалёт», – даводзіў Аляксандр Лукашэнка.

Паланэз

Сёлета ўлады ўрачыста прэзентавалі першы беларускі ракетны комплекс – Паланэз. Прадэманстраваны на мінулым парадзе. Гэта – нешта падобнае да ўстаноўкі «Град», але са значна больш далёкім радыусам дзеяння і прыцэльнаю сістэмаю навядзення. Хадавую частку ў ім вырабіў МЗКТ, а ракеты, як мяркуецца, – Кітай.

Паводле кіраўніка краіны, за «Паланэзамі» ўжо стаіць чарга замежных імпарцёраў. Што праўда, праверыць гэта немагчыма – з прычыны закрытасці вайсковых угодаў. Але, у адрозненне ад мірнай часткі беларускай гаспадаркі, якая зазнае падзенне другі год запар, пашырэнне колькасці гарачых кропак, сапраўды, спараджае ўсё большы попыт для айчынны ВПК. Калі з 2004 да 2011 года Беларусь, паводле Міжнароднага цэнтру аналізу гандлю зброяй, экспартавала ўзбраенняў прыблізна на $ 500 млн. То сёлета амаль на гэткую ж суму прадалі толькі за першыя дзевяць месяцаў.

Вялікія кліенты Азербайджан, Расея, Казахстан

«Гэтая азіяцкая краіна практычна мадэрнізавала ўсе сістэмы СПА на яго ўзбраенні пры дапамозе Беларусі. Гэта вельмі вялікі кантракт. Апроч таго, Казахстан у нас вельмі салідны кліент. Ну а самы буйны кліент гэта, вядома, Расея», – патлумачыў Аляксандр Алесін.

Між тым, што датычыць абсталявання новымі ўзбраеннямі ўласнага войска, то рэальная сітуацыя ў Беларусі можа істотна адрознівацца ад той, якую малююць улады. На паседжанні бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў месяц таму генерал Валеры Гайдукевіч абураўся тым, што ўрад штогод адкладае закуп новых баявых самалётаў. Паводле спадара Гайдукевіча, мадэрнізаваць тыя, што стаяць на ўзбраенні айчынных паветраных сілаў, больш немагчыма. Знос існай тэхнікі складае каля 80 % і праз год-два, сцвярджае генерал, Беларусь застанецца амаль без баявой авіяцыі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў