Чаму ўлады не дазволілі акцыю памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў: Тры прычыны


Менгарвыканкам адмовіў апазіцыі у правядзенні акцыі 7 лістапада. З пункту гледжання права сталічныя ўлады дзейнічаюць бездакорна.

Сёння менскія ўлады адмовілі ў правядзенні акцыі памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў.

Заяўку на яе правядзенне, падпісаную старшынём руху «За Свабоду» Юрасём Губарэвічам, старшынём АГП Анатолем Лябедзькам і сустаршынём аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталем Рымашэўскім, падалі ў Менгарвыканкам 21 кастрычніка.

Палітыкі прасілі сталічныя ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі а 12-й гадзіне каля будынку КДБ і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Чалюскінцаў, месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Ініцыятары запланаванага шэсця ў размове з «Беларускімі навінамі» падкрэслілі, што гэта – дзень памяці і смутку, і задача дэмакратычных сіл – зрабіць так, каб «новае пакаленне беларусаў разумела, да чаго прывялі падзеі 7 лістапада 1917 года».

Паводле Губарэвіча, у адмове з боку менскіх уладаў ёсць тры прычыны.

Па-першае, два іншых заяўніка, Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі, не могуць быць арганізатарамі вулічных акцыяў, бо на працягу года прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях больш за два разы.

Па-другое, ініцыятары акцыі да яе дазволу апублікавалі час і фармат правядзення шэсця.

І па-трэцяе, на думку ўладаў, месца збору ўдзельнікаў акцыі і яе маршрут не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства аб масавых імпрэзах.

Губарэвіч падкрэсліў, што акцыя адбудзецца ў любым выпадку, нават нягледзячы на афіцыйную адмову ў яе правядзенні. Збор удзельнікаў недазволенай акцыі не змяняецца: а 12-ай насупраць будынку КДБ.

ДД

Стужка навінаў