Чаму страйкавалі рабочыя, якія будуюць амбасаду Туркменістану ў Менску?


Страйк будаўнікоў, які працуюць на ўзвядзенні пасольства Туркменістану ў Беларусі, стаўся адною з галоўных навінаў тыдня. Што ж выклікала пратэст замежнікаў з Сярэдняй Азіі?

Туркменскую амбасаду ў Менску будуюць каля гандлёвага цэнтру «Замак», непадалёк ад месца, дзе ўзводзяць таксама пасольства Казахстану. На тэрыторыі будоўлі знаходзяцца домікі, дзе рабочыя пераапранаюцца на змену. У адным з такіх памяшканняў мне ўдалося застаць некалькі рабочых з Узбекістану, якія ляжалі на лаўках і падлозе.

Запытваю: «Чаму ляжыце? Страйкуеце? Чаму не на працы?».

Рэакцыя крыху здзівіла – рабочыя як па камандзе падняліся з падлогі і пачалі азірацца па баках. Пабачыўшы ў руках мікрафон, пачалі казаць:

– Я не размаўляю па-расейску.

– Гаварыце па-ўзбекску, калі ласка, – прапаноўваю кожнаму.

Чую па-расейску адказ:

– Не, па-ўзбекску не магу нічога гаварыць таксама.

– Чаму?!.

І толькі адзін з іх прызнаўся:

– Нам забаронена.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Хто забараніў размаўляць з журналістамі, высветліць не ўдалося. Праз пару хвілін прыйшлі іхныя брыгадзіры. Адразу папярэдзілі, што нічога гаварыць не будуць. Я ўсё ж папрасіла аднаго брыгадзіра, каб ён хаця б патлумачыў прычыну страйку.

– Ды ўсё ў нас нармальна. Заробак выплочваць своечасова. Вы не думайце, што рабочыя жывуць у гэтых клетках. Гэта тут іх раздзявалка. А жывуць яны ў інтэрнаце. Я там быў учора. Там усё нармальна. Сам я жыву ў кватэры, а не ў інтэрнаце. Чаму страйк?.. Ну папросту ўчора быў абед і ім не спадабаўся хлеб. І больш нічога.

Пры гэтым было добра бачна, як за спіной брыгадзіра іншыя начальнікі пачалі накіроўваць рабочых: каго на аб’ект, каго ўбок, каб толькі далей ад журналіста. Па тварах працаўнікоў было бачна, што ім усё ж ёсць пра нешта распавесці. У падсобках было даволі цесна, а вось адказу на пытанне, чаму рабочыя ляжалі на падлозе ў працоўны час, так і не ўдалося знайсці. Магчыма, што праблема не толькі ў харчаванні.

Заўважаю рабочага на выездзе з будаўнічай пляцоўкі, які мыў са шланга колы машын, каб тыя не забруджвалі асфальт глінай.

– Вы ўсе машыны можаце памыць? – пажартавала я.

– Так, магу, калі вам гэта вельмі трэба, – пачула ветлівы адказ.

– А не падкажаце: чаму страйкавалі рабочыя? Толькі праз хлеб неадпаведнай якасці? Ці ёсць нейкая іншая прычына? – паспрабавала даведацца ў яго.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Ветлівая ўсмешка адразу знікла, твар стаў насцярожаны:

– Ой, я не разумею па-расейску і зусім не гавару.

– Вам забаранілі гаварыць праўду пад пагрозай звальнення? – спадзяюся хоць на сціплы адказ.

– Не разумею па-расейску, нічога не магу сказаць, – азіраючыся па баках, ставіць кропку рабочы ў нашым і без таго не надта багатым дыялогу.

Ці пачуем мы яшчэ нешта пра гэтых рабочых? Можна пачакаць. Будаўніцтва да канца лета дакладна не скончыцца.

2 ліпеня стала вядома пра страйк кітайскіх рабочых, якія працуюць у Добрушы на Гомельшчыне. Замежнікі калонаю дайшлі да Гомля ды збіраліся дайсці да Менску, каб сустрэцца з амбасадарам Кітаю, бо ім цягам некалькіх месяцаў не выплочвалі заробкаў. Кітайскія працаўнікі скардзіліся пазней, што ім не аддаюць дакументаў, каб яны маглі з’ехаць з Беларусі

Любоў Лунёва, belsat.eu

Стужка навінаў