Чаму стаіць МАЗ – эксклюзіўны рэпартаж «Белсату»


Праблемы на айчынных заводах. Але ня толькі. Тыя крамы ці ўстановы, што знаходзяцца паблізу закрытых прадпрыемстваў перажываюць сапраўдны крызіс. Няма працаўнікоў, як вынік – няма пакупнікоў і кліентаў. А таму – няма і прыбыткаў. Ці сапраўды сітуацыя на айчынных заводах выглядае так кепска? Каб у гэтым пераканацца, мы наведалі прахадную МАЗу.

Ужо трэці дзень пуста каля прахадной Менскага аўтамабільнага завода. Па 6 красавіка рабочыя знаходзяцца ў вымушаным адпачынку з захаваннем двух трацінаў заробку. Як яны выкарыстоўваюць нечаканыя выходныя? Можа адны змаглі паехаць у вандроўку, а іншыя – сталі заўсёднікамі кавярняў?

Толькі навучэнцы тэхнікуму, які рыхтуе кадры для працы на аўтазаводзе, час ад часу трапляюць на вочы. Бліжэйшая крама да прахадной МАЗа спецыялізуецца на продажы трыкатажу. У гандлёвай залі няма ніводнага пакупніка. Загадчыца, якая сама стаіць за прылаўкам, патлумачыла прычыну сваёй адзіноты.

У суседняй цырульні праз вокны бачна, што кліентаў няма. На вакне замацавана аб’ява, што ўстанова працуе ў скарочаным рэжыме. Загадчыца толькі развяла рукамі.

Магчыма, пасля адпачынку, 7 красавіка рабочыя пасля змены прыйдуць у краму па харчы. Але наколькі істотна яны змогуць кампенсаваць страты, калі ўлічыць, што яны атрымалі на траціну менш пры і без таго невялікіх заробках?
Сітуацыя на МАЗе тыповая для прадпрыемстваў беларускай прамысловасці. Праблему са збытам прадукцыі пакуль спрабуюць вырашаць з дапамогай адпачынкаў. Але па ўсім відаць, што радасці яны рабочым не прыносяць, ды й пытанне: наколькі яны змогуць выправіць сітуацыю.

Любоў Лунёва, Белсат

Глядзі таксама
Каментары