Чаму развальваюцца шлюзы на Аўгустоўскім канале?


Цэгла, выкарыстаная падчас рэканструкцыі 2006 году, як паказвае практыка, значна саступае папярэднім аналагам.

Хутка міне 10 год ад часу гучнай рэканструкцыі беларускай часткі Аўгустоўскага каналу пад Горадняй. Тады справа адбудовы стаяла на асабістым кантролі прэзідэнта, а працы праводзіліся ў аўральным рэжыме.

Зараз жа не толькі ў спецыялістаў, але і ў звыклых наведнікаў узнікае шэраг пытанняў. Напрыклад, чаму амаль траціна цэглы, якой знутры абкладзеныя шлюзы, пасыпалася і апынулася фактычна на дне? Пад ёй дзе нідзе заўважная нават старая цэгла, з якой шлюзы першасна і былі збудаваныя.

«Найбольшай праблемай для адноўленага каналу, як не парадаксальна, стала цэгла, – тлумачыць гісторык Янка Лялевіч, – яна наўпрост асыпаецца пры кантакце з вадой. Тое самае, дарэчы, можна заўважыць і на занураных у ваду бастыёнах Нясвіжскага замку. Думаю, будаўнікі хацелі як лепей, а атрымалася як заўжды… Не тую цэглу абралі: яна не прызначана для водных збудаванняў. Агулам жа якасць рэканструкцыі мне падабаецца».

Нагадаем, што беларуская частка каналу, будучы папулярным месцам адпачынку для гарадзенцаў, так і не стала міжнароднай турыстычнай Меккай. Для тых жа польскіх турыстаў у гэтым плане найбольш балючымі застаюцца візавае пытанне ды адсутнасць магчымасці роварнага ды пешаходнага спосабу пераходу мяжы.

Таму і справа з вяртаннем шматмільярдных дзяржаўных інвестыцыяў у канал пакуль «вісіць у паветры».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў