Чаму паслугі ЖКГ сталі такімі дарагімі?


Новыя жыроўкі беларусы атрымалі яшчэ на мінулым тыдні, а шок і абурэнне ад лічбаў у квітанцыях не праходзяць. У камітэце дзяржкантролю кажуць, што адмысловыя разлікі на практыцы прымянілі – цытуем – «ад балды». Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе, прысвечанай ЖКГ, загадаў знайсці дзясятак-другі вінаватых у павелічэнні тарыфаў і публічна пасадзіць. Хто ж справакаваў студзеньскі скачок і чаму ўлады дагэтуль самі не разумеюць коштаўтварэння камуналкі?

Уздаражэнне камуналкі ўдвая. Кампенсацыя выдаткаў ЖКГ памерам 153 %. З гэткімі скаргамі беларусы асаджаюць ЖЭСы пасля таго, як атрымалі студзеньскія жыроўкі.

Сёння на незадаволенасць людзей адрэагаваў і кіраўнік краіны. На адмысловай нарадзе, прысвечанай жыллёва-камунальным паслугам, выявілася, што Аляксандр Лукашэнка пра рэзкае здаражэнне паслугаў ЖКГ не ведаў, а вінаватыя ў ім – выканаўцы ніжэйшага звяна, якія, маўляў, не выканалі распараджэнняў начальства.

«Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто не выканаў даведзенага па маім распараджэнні і ўрадам тарыфы. Апраніце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек і ўсё стане на свае месцы», – загадвае кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

У студзені цяпло і электрычнасць здаражэлі на 20 %, бо насельніцтва пачало плаціць за гэтыя паслугі падатак на даданую вартасць.

Праіндэксавалі і іншыя радкі жыроўкі, але агулам здаражэнне не мусіла перавысіць усталяванага нарматыву памерам $ 5 на год.

Былы намеснік Менаблвыканкаму Аляксандр Ярашук, канстатуе – двума дзясяткамі пасадак праблему наўрад ці ўдасца развязаць, бо праблема – сістэмная.

«Усюды манаполія дзяржавы. У тым ліку і ў жытлова-камунальнай гаспадарцы. Няма канкурэнцыі. Які нармалёвы начальнік ЖКГ будзе клапаціцца аб тым, каб нейкія выдаткі скарачаць, калі ён гуляе ў адну браму», – зазначае Аляксандр Ярашук, старшыня «Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Сістэмную праблему з непразрыстасцю і неэфектыўнасцю жытлова-камунальных паслугаў Аляксандр Лукашэнка пастанавіў вырашыць яшчэ 2 гады таму, загадаўшы, адначасова, паступова павялічыць плацяжы камунальных паслугаў для насельніцтва.

Вынікам стаў шэраг крымінальных спраў супраць камунальнікаў – за карупцыю ды безгаспадарлівасць. Мінула 2 гады. Сёлета мае стаць для Беларусі пераходным да поўнай кампенсацыі кошту жытлова-камунальных паслугаў. Але кіраўнік краіны дагэтуль патрабуе ад ураду падаць яму нарэшце, уцямнае абгрунтаванне камунальных выдаткаў.

Адмыслоўцы канстатуюць: знізіць выдаткі можна двума спосабамі. Цалкам адкрыць выдаткі ЖКГ для грамадскага кантролю. Або забяспечыць канкурэнцыю прыватных дастаўцаў паслуг. Улады, аднак, адмаўляюцца ад абодвух гэтых шляхоў, працягваючы лекаваць сістэму публічнымі пасадкамі.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат

Стужка навінаў