«Чаму мне цярпець, што вучэнні і прыехалі расейцы?» У Мар’інай Горцы вайскоўцы затрымалі калекцыянера


Жыхар Мар’інай Горкі Сяргей Мазур распавёў, як 14 верасня яго затрымліваў вайсковы патруль.

Сяргей Мазур займаецца калекцыянаваннем старых пасудзін. Набывае іх праз інтэрнэт-аўкцыёны, фатаграфуе і піша артыкулы пра старыя рэчы.

«Фатаграфую тут у сябе ў Мар’інай Горцы, у нас тут ёсць такая разваленая сценка. І ўчора я пайшоў туды сфатаграфаваць старажытныя рэчы, і падскоквае вайсковы патруль, які мяне затрымлівае. Прапанавалі мне прайсці на КПП», – распавядае Сяргей Мазур Belsat.eu.

Кажа, што адразу ўвогуле не хацеў ісці на КПП, а пасля падумаў, што падгуляе жаўнерам, якія «заробяць сабе бонус», заўважыўшы дыверсанта і праявіўшы пільнасць.

«Прыйшлі на КПП, яны мяне здаюць КДБ, прыязджае міліцыя, завозіць мяне ў аддзяленне. Там пратрымалі амаль тры гадзіны. Мы тут усе мясцовыя, і міліцыянты, яны ведаюць і кажуць: «Так, гэта калекцыянер». Начальнік мясцовага КДБ узяў мой фотаапарат і пачаў праглядаць здымкі. Ну пасудзіны там былі, здымкі з дня гораду. Пасля, лістаючы, знайшоў у мяне некалькі фотаздымкаў з Курапатаў з бел-чырвона-белым сцягам. Усё! Як ён пабачыў гэтыя фатаграфіі, гэты фотаапарат абнёс сярод сваіх супрацоўнікаў. Сказаў: «Трэба добра папрацаваць», – кажа калекцыянер.

Далей на Сяргея Мазура пачалі складаць адміністрацыйную справу, пры гэтым супрацоўнік не ведаў, на якой падставе яе можна скласці. У выніку ўзялі тлумачэнне і забралі флэш-карту – з-за здымку з Курапатаў з бел-чырвона-белым сцягам.

Калекцыянер кажа, што міліцыянты паводзілі сябе карэктна, але крыўда, што з-за нацыянальнага сцягу на цябе ставяць нейкае кляймо ў Сяргея Мазура засталася:

«Адпусціць адпусцілі, але настрой настолькі сапсавалі, што з-за гэтага фота са сцягам развярнуць гэта і пратрымаць чалавека, пыталіся, дзе ты яго набываў, ці ты яго дома захоўваеш. Чаму мне трэба цярпець гэтыя нязручнасці, што гэтыя вучэнні, прыехалі гэтыя расейцы і што я ў сваёй краіне не магу сысці з дарогі?»

Глядзіце таксама:

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары