Чаму Горадню назвалі «Глодно»? Бо па-кітайску!


Люкі з назвай Горадні па-кітайску ўсталююць па ўсім горадзе.

На новых люках выяўлены год першай згадкі гораду ў летапісах, герб «Алень святога Губерта», а таксама назва на чатырох мовах.

Grodno, Гродно, Гарадня і «Глодно»

 

З чатырох назваў гораду, якія апынуліся на люках, самая вялікая – па-расейску. Побач версія лацінскімі літарамі – Grodno. Унізе беларуская форма – Гародня, побач з кітайскай версіяй, якая выклікала вялікую цікаўнасць да новых люкаў. Імаверна, што гарадзенскія ўлады стваралі эскіз люкаў на будучую перспектыву турыстычнай і эканамічнай супрацы з Кітаем, улічваючы, што па-кітайску ў свеце размаўляе больш за мільярд асобаў.

Праз тое, што ў кітайскай мове няма іерогліфаў, якія б цалкам адпавядалі расейскаму ці беларускаму вымаўленню, літара «р» у кітайскай мове мяняецца на «л». Таму, калі чытаць надпіс па-кітайску, атрымоўваецца «Глодно».

Люкі выраблялі ў Гомлі

Ініцыятарам замены старых савецкіх люкаў стала РУП «Гроднаэнэрга». Кіраўніцтва цеплавых сетак яшчэ ў красавіку падрыхтавала эскіз, які ўзгадняўся з вышэйшымі ўладамі гораду. У выніку было вырашана, што акрамя гербу і на люках з’явіцца назва Горадні, напісаная на чатырох мовах, адна з якіх – кітайская. Пачаць замену люкаў планавалася да Фестывалю нацыянальных культур на пачатку чэрвеня.

Вырабіць люкі з такімі дробнымі дэталямі ўзялося прадпрыемства ў Гомлі, якое адліла каля 100 асобнікаў для «Горадняэнерга» і яшчэ 100 для «Гораднявадаканалу», які таксама падтрымаў праект.

Цягам лета некалькі дзясяткаў новых люкаў ужо з’явіліся ў цэнтры гораду наўзамен старых савецкіх. Як паведамілі ў «Гроднаэнэрга», старыя люкі яны захаваюць або пераўсталююць у менш турыстычныя раёны. Апроч таго, на сваіх месцах застануцца таксама даваенныя люкі, якія ўсталёўваліся ў 20-х і 30-х гадах, калі Горадня была ў складзе Польшчы.

ПВ, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў