Чаму беларускія заводы не запрашаюць турыстаў на экскурсіі, як робяць у Дрэздэне і ў Познані


Беларускім заводам і фабрыкам не цікавы вытворчы турызм.

У Беларусі распрацаваны праект «Вытворчы турызм па-еўрапейску». Пра гэта паведамляе газета «Турызм і адпачынак» са спасылкай на кіраўніка аддзелу якасці і вучэбна-аналітычнай працы Нацыянальнага агенцтва па турызме Галіну Кабяк. У яго межах прадстаўнікі беларускіх тураператараў і прадпрыемстваў накіроўваліся на прадпрыемствы ў Познань, Дрэздэн, Котбус і іншыя гарады.

«На жаль, аказалася, што большасці менеджараў і супрацоўнікаў прадпрыемстваў гэта нецікава. Ды і сярод турфірмаў энтузіястаў амаль не знайшлося», – падводзіць вынікі Галіна Кабяк.

Што праўда, ёсць і добры прыклад: праз супрацу з турфірмай для турыстаў адкрыўся завод «Лідскае піва».

Ці можна зладзіць экскурсіі на былыя заводы, абмяркоўвалі падчас сёлетніх Дзён еўрапейскай спадчыны ў Беларусі, што прайшлі ў канцы верасня.

«Каштоўныя аб’екты ў нас знікаюць, таму што шмат якія з іх не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Напрыклад, калі едзеш па Беларусі, заўважаеш, як хутка знікаюць старыя млыны, бровары», – адзначыў падчас размовы з карэспандэнтам Belsat.eu старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў