«Чаму Беларусь паводзіць сябе як васал Расеі?» – Максакава пра спецаперацыю ФСБ пад Гомлем


За дзень да забойства экс-дэпутата Дзярждумы Дзяніса Вараненкова ягонага кіроўцу на тэрыторыі Беларусі выкрала ФСБ. Раней пра гэта ўкраінскаму тэлеканалу ZIK паведаміла ўдава Вараненкова, былы дэпутат Дзярждумы Марыя Максакава. Сёння ў інтэрвю «Белсату» яна распавяла акалічнасці выкрадання, а таксама заклікала Аляксандра Лукашэнку «зацікавіцца расследаваннем справы».

Паводле словаў Максакавай, кіроўца Уладзіслаў Ціханькін 22 сакавіка ехаў з Масквы ў Кіеў да Вараненкова праз тэрыторыю Беларусі. У Гомельскай вобласці, у 11 кіламетрах ад Добрушу, яго спынілі беларускія праваахоўнікі.

«Уладзіслаў амаль даехаў да Гомля, калі яго спынілі на блокпасту (хутчэй за ўсё, гаворка пра пост ДАІ, – К.А) і па невядомай прычыне затрымалі. Мы пачалі тэлефанаваць. Тады беларускія міліцыянты сказалі, што аніякіх прэтэнзій да яго не маюць і не збіраюцца складаць пратакол. Затрыманне свядома не фіксавалася дакументальна, казалі, нібыта Ціханькіным цікавіцца памежная служба. Прыехала ж за ім абсалютна іншая служба», – кажа Марыя Максакава.

Ціханькіна пратрымалі на трасе каля дзвюх гадзін, не складаючы пратаколу і, разам з тым, не дазваляючы яму працягнуць шлях.

Геалакацыя месца затрымання кіроўцы Вараненкова, якую даслала журналісту «Белсату» Марыя Максакава

«Праз гадзіны дзве пад’ехалі некалькіх машын і мікрааўтобус «Газель» з супрацоўнікамі ФСБ, Уладзіслава вельмі жорстка затрымалі, прыкавалі кайданкамі да стырна і пад канвоем прымусілі вяртацца ў Бранскую вобласць. Я не ведаю, што гэта за схема ўзаемадзеяння і чаму Беларусь паводзіць сябе, як нейкі васал, аказвае дапамогу Расеі не ў самых прыгожых справах», – гаворыць удава палітыка.

Уладзіслаў Ціханькін не праходзіў па крымінальнай справе аб махлярстве, якую ў сярэдзіне лютага Следчы камітэт РФ распачаў у дачыненні да Вараненкова.

«Калі б ён і быў задзейнічаны, то чаму яго не затрымалі і не дапыталі на тэрыторыі Расеі? Думаю, ФСБ чакала, што Улад вёз сродкі абароны для Дзяніса і хацела гэта перадухіліць», – выказвае меркаванне Максакава.

Яна сцвярджае, што кіроўца правёў 12 гадзін у аддзяленні ФСБ у Бранскай вобласці, адкуль яго вызваляў адвакат.

Аднак асабліва ў сітуацыі з фактычным выкраданнем кіроўцы Марыю абурае роля беларускага боку.

«Беларусь, хоць і з’яўляецца незалежнай дзяржавай, аказвае невядома якія паслугі Расеі, – кажа яна, – Гэтая аперацыя была спланаваная ў дэталях. Я звяртаюся да прэсы таму, што ўпэўненая: калі б Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў расследаванне справы, то лёгка б высветліў усе падрабязнасці. Гэта была б вялікая і важная дапамога з ягонага боку. У сваю чаргу, я прадстаўлю следству ўсе дадзеныя. Гэты эпізод адбыўся за нейкія 15 гадзін да забойства і мусіць быць расследаваны належным чынам, каб праліць святло на трагічныя падзеі 23 сакавіка».

Марыя Максакава адразу пасля забойства Дзяніса Вараненкова

Былы дэпутат Дзярждумы ад Камуністычнай партыі РФ Дзяніс Вараненкоў быў аб’яўлены з федэральны вышук па падазрэнні ў махлярстве, паведаміў Следчы камітэт сёлета ў лютым. Раней Вараненкоў з жонкай Марыяй Максакавай з’ехалі ў Кіеў і атрымалі ўкраінскае грамадзянства.

Пасля атрымання грамадзянства Вараненкоў даў паказанні Генпракуратуры Украіны супраць былога прэзідэнта Віктара Януковіча. Экс-дэпутат назваў памылкай анексію Крыму і параўнаў сучасную Расею з нацысцкай Нямеччынай.

23 сакавіка Вараненкова ў цэнтры Кіева застрэліў невядомы.

 

Кацярына Андрэева, belsat.eu; фота – REUTERS

Стужка навінаў