Чаму БелАЭС не прызнаецца ў пажары?


Учора актывіст Мікалай Уласевіч, які жыве ў Астраўцы, паведаміў, што ў лютым гэтага году на будоўлі БелАЭС здарыўся сур’ёзны пажар.

Уласевіч праводзіў сваё раследванне гэтага здарэння цягам двух месяцаў, неафіцыйныя крыніцы, якія набліжаныя да будоўлі распавялі яму, што пажар быў такі моцны, што шчытавая выгарала цалкам. У той жа час афіцыйныя крыніцы кажуць, што ніякага пажару не было:

«17 лютага 2018 года а 13:20 адбылося кароткае замыканне на часовым сілавым кабелі, які забяспечвае электразабеспячэнне вежавага крану і пракладзены па вонкавай бетоннай сцяне аднаго з будынкаў», – гаворыцца ў афіцыйным каментары БелАЭС.

Трэба адзначыць, што нейкія афіцыйныя каментары з’явліся толькі тады, калі інфармацыя пра здарэнне праз два месяцы трапіла ў медыі.

«Такое сур’ёзнае небяспечнае здарэнне яны не могуць прызнаць. Яны прызнаюць, але ўмаляюць маштабы. Кажуць, што пажару не было, але ж людзі бачылі, як туды ехалі пажарныя машыны… Узнікае пытанне: раз вы ведалі пра здарэнне, чаму не паведамілі своечасова насельніцтва? Не супакоілі грамадства?», – задаецца пытаннем Уласевіч.

Актывіст мяркуе, што прызнанне такога здарэння было калі б не смяротным для гэтай будоўлі, то вельмі моцным ударам. Тлумачыць здарэнне прыйшлося не толькі для беларускага грамадства, але і літоўцам, якія таксама вельмі занепакоеныя гэтай будоўляй.

Раней Мікалай Уласевіч неаднаразова паведамляў пра здарэнні на будоўлі АЭС. Усе з іх пацвердзіліся. Уласевіч быў першым, хто ў ліпені 2016 года паведаміў пра падзенне корпуса рэактара падчас спробы яго ўсталяваць. Спачатку афіцыйныя асобы гэтую інфармацыю не каментавалі, аднак пасля шэрагу публікацыяў у медыях пацвердзілі факт няштатнай сітуацыі.

Беларуская АЭС будуецца непадалёк ад гораду Астравец. Першы энергаблок БелАЭС плануюць запусціць у 2019 годзе, другі – ў 2020-ым.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары