Чалец Савету Рэспублікі абвінаваціў апазіцыю ў рэдкім выкарыстанні роднай мовы


Апазіцыя практычна не карыстаецца роднай мовай, заявіў вечарам 25 жніўня на сустрэчы з выбарцамі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 84, чалец Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк.

«Што да мяне, то я сваю пазіцыю ніколі не мяняў. Я яе мэтанакіравана адстойваў. Ёсць рэчы, якія трэба мяняць, у тым ліку трэба мяняць асобныя палажэнні ў законах аб беларускай мове», – сказаў Марзалюк, адказваючы на пытанне, што ім было зроблена для ўмацавання і развіцця беларускамоўнай адукацыі не толькі ў Магілёве, дзе такую адукацыю атрымлівае толькі адно дзіця, але і ва ўсёй краіне.

Ігар Марзалюк не стаў канкрэтызаваць, што менавіта неабходна мяняць «у законах аб беларускай мове», а таксама не стаў ацэньваць, як часта карыстаюцца беларускай мовай прадстаўнікі ўлады, інфармуе БелаПАН.

«У мяне ў падʼездзе, як і ў іншых дамах, вісяць абʼявы з заклікам ГарАНА і РайАНА запісваць дзяцей у беларускія школы, у беларускія класы. Адкрываюцца першыя класы. Будуць ахвотныя, прыйдуць, укамплектуюць, будуць выкладаць дзве школы ў горадзе Магілёве. І гэта не БНФ робіць, не АГП і не іншая апазіцыя, а гэта робіць улада», – сказаў Марзалюк.

Каментуючы гэтыя сцвярджэнні Марзалюка, старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў выказаў меркаванне, што «Ігар Аляксандравіч проста не ў тэме».

«Абʼявы павесілі чальцы Таварыства беларускай мовы. Мы надрукавалі за свае грошы 2 тыс. абʼяў і цяпер развешваем іх па горадзе», – сказаў Дзячкоў БелаПАН. Паводле яго слоў, гарадскі аддзел адукацыі і аддзел ідэалогіі два месяцы ўзгаднялі тэкст абʼяў. Акрамя таго, як адзначыў актывіст, кіраўніцтва аддзелу адукацыі, паабяцаўшы праінфармаваць мэтавую групу – бацькоў будучых першакласнікаў – праз абʼявы ў дзіцячых садках і школах, не зрабіла гэтага. З нагоды не выкананых гарадскімі чыноўнікамі абяцанняў Дзячкоў мае намер звярнуцца да намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валерыя Малашкі.

Глядзіце відэаматэрыял «Абʼектыву» пра ініцыятыву ТБМ у Магілёве:

Між тым Марзалюк таксама заявіў, што пасля 200 гадоў русіфікацыі немагчыма ўсё рэзка змяніць у моўных адносінах.

«Што датычыць моўнай палітыкі, то яна мусіць быць мудрай і акуратнай. І змены, калі глядзець не прадузята, – я не кажу, што толькі я «араў», але і я «араў» таксама, – ёсць. І яны паслядоўныя, акуратныя, але па міліметрах», – сказаў сенатар. Ён адзначыў, што людзі, якія жывуць у Беларусі і якія размаўляюць на расейскай мове, усё роўна лічаць роднай мовай беларускую.

«Цяпер беларуская мова асацыюецца з высокай культурай, інтэлігентнасцю. І беларуская мова, дзякуй Богу, нарэшце стала ўспрымацца як высокі, сакральны элемент дзяржаўнасці. Гэта самае галоўнае», – сказаў чалец Савету Рэспублікі.

Ігар Марзалюк лічыць, што «ёсць рэальна існая беларуская палітычная нацыя». «Сёння ў адрозненне ад 1993–1994 гадоў больш за 90 % грамадзянаў краіны – за незалежнасць», – упэўнены кандыдат у дэпутаты.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў