Чайчыц: нельга дапусціць, каб Польшча стала для апазіцыі тым, чым Расея – для рэжыму


Інтэрв’ю з журналістам Алесем Чайчыцам у адказ на нашумелую размову belsat.eu з Ігарам Мельнікавым.

Спадар Чайчыц вядомы з крытыкі «Белсату» і беларусаў, якія бачаць у Польшчы руку падтрымкі для беларускай апазіцыі. Мы размаўляем пра тое, ці варта беларусам адмовіцца ад «Белсату» і ці захапляцца намгісторыяй Беларусі ў складзе Польшчы.

– У рэакцыі на матэрыял «Белсату» вы сцвердзілі, што не маеце негатыўнага стаўлення да Польшчы, не ствараеце міфу ваяўнічага нацыяналізму і не прапагандуеце нянавісці да суседзяў. Вы падкрэслілі, што проста хацелі прыцягнуць увагу да некарэктнага выказвання спадарыні Веранікі Себасцяновіч пра Гарадзеншчыну як «часовую Беларусь». Але разам з крытыкай польскай дзяячкі вы дакараеце беларускіх журналістаў у Польшчы, што яны захапляюцца перыядам, калі Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы. Хоць іншым разам вы заявілі, што польскамоўная беларуская спадчына – неад’емны складнік нашай традыцыі і культуры.

– Трэба адасабляць польскую мову, польскую (асабліва «крэсовую») культуру ад, па-першае, польскай дзяржавы, а па-другое, ад польскага нацыяналізму. У міжваеннай Польшчы становішча беларускай меншасці было, магчыма, лепшым, чым у СССР. Але мы не можам ігнараваць таго факту, што і ў тагачаснай далёка не дэмакратычнай польскай дзяржаве беларускія актывісты рабіліся аб’ектам палітычных рэпрэсіяў, а беларускія грамадскія і асветніцкія арганізацыі былі пад моцным палітычным ціскам з боку ўладаў, імкліва скарачалася беларускае школьніцтва. Міжваенная Польшча была ворагам беларусаў. Рамантызаваць часы польскай акупацыі заходняй часткі Беларусі (а калі разважаць з пазіцыяў дзяржаўных інтарэсаў Беларусі як Беларускай Народнай Рэспублікі гэта была менавіта акупацыя), я лічу, няправільна.

– Вы пішаце: «Перад вайною славутыя беларускія нацыянальныя паэты былі вымушаныя пісаць здравіцы Сталіну і ягоным памагатым. Ці карэктна ставіць у адзін шэраг таталітарныя рэжымы і Усходнія Крэсы?

– Бывае большае зло і меншае зло. Але меншае зло ад гэтага не перастае быць злом. У міжваеннай Польшчы (асабліва ў часы пасля Юзафа Пілсудскага) палітычныя рэпрэсіі чыніліся і супраць беларусаў, і супраць украінцаў, і супраць габрэяў. Гэта не азначае, што ў XXI стагоддзі палякі і беларусы не павінны сябраваць. Але калі вядзецца пра тыя часы, абыход такіх фактаў, я лічу, толькі шкодзіць нашым стасункам.

– Вы кажаце, што часта беларусы ідуць на небяспечныя кампрамісы з іншымі народамі, бо няма свайго цэнтру сілы. Ці дапамога Польшчы ў шмат якіх медыйных і культурных праектах Беларусі – гэта таксама небяспека? Больш карысна для беларускіх інтарэсаў адмовіцца ад польскай дапамогі?

– Польшча і Беларусь – гэта асобныя краіны, чые інтарэсы не могуць супадаць на 100 адсоткаў. Гэтаксама, як інтарэсы Беларусі ды Расеі або інтарэсы Беларусі ды Украіны. Таму, прымаючы любую дапамогу ад каго заўгодна, мы павінны разумець – і дакладна даваць разумець нашым сябрам – што мы застаемся самастойнымі людзьмі з уласнай годнасцю. І мы мусім не баяцца адмаўляцца ад дапамогі ў тым выпадку, калі ўзамен нас просяць адступіцца ад нашых інтарэсаў.

– Расея фінансава дапамагае Беларусі як дзяржаве, але за гэта адбываецца русіфікацыя беларусаў, размываецца нацыянальная тоеснасць. Польшча ж падтрымлівае беларускую мову, культуру, ідэнтычнасць і крытычна ставіцца да сённяшніх уладаў Беларусі.

– Нельга дапусціць стварэння сітуацыі, калі Польшча для апазіцыі сталася б тым, чым ёсць Расея для рэжыму Лукашэнкі, і калі б узамен на дапамогу ў нас з’явілася б табу на крытыку ўсяго, звязанага з Польшчай – асабліва нейкіх варожа да Беларусі настроеных нацыяналістычных маргіналаў. Тым больш прыкра было б, калі б такое табу з’явілася ў нас на ўзроўні самацэнзуры. Каб стацца суб’ектам, трэба перадусім усведамляць і пільнаваць свае інтарэсы. І адасабляць сябе і ад расейцаў, і ад украінцаў, і ад палякаў, і ад літоўцаў (сябруючы з усімі). «Беларусь не мае пастаянных хаўруснікаў, але яна мае пастаянныя інтарэсы».

– Ці варта беларусам адмовіцца ад «Белсату»?

– Цяпер – не. Як толькі ў Беларусі будзе дэмакратычны дзяржаўны лад і плюралізм меркаванняў на БТ – місія «Белсату» будзе выкананая, і ад яго можна будзе адмовіцца. Стваральнікам-палякам трэба даць дзяржаўныя ўзнагароды, а журналістаў запрасіць працаваць на БТ. Так я б зрабіў на месцы будучай беларускай дэмакратычнай улады.

Гутарыў Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў