Чаго ці каго насамрэч трэба баяцца ўладам Беларусі?


Упершыню пад ціскам пратэстаў грамадства Лукашэнка пайшоў на кампраміс, часова прыпыніўшы дзеянне Дэкрэту № 3 аб падатку на беспрацоўных.

Перад гэтым па вуліцах Менску прайшоў міліцэйскі парад з бранятэхнікаю ды гранатамётамі, а дзяржаўныя тэлеканалы паказалі пасквіль пра замежнае фінансаванне Маршаў недармаедаў.

Ці сапраўды Лукашэнка лічыць народны гнеў замежнаю правакацыяй? Чаго ці каго насамрэч трэба баяцца ўладам Беларусі?

Навошта Міністэрству ўнутраных справаў бронетранспарцёры ды аўтаматычныя гранатамёты? Чаму спецназ унутраных войскаў экіпаваны лепш за армейскія часткі? І гэта не на Каўказе, а ў Беларусі, якую дзяржаўная прапаганда называе востравам стабільнасці. З якім ворагам ваюем?

Адказвае БТ. У мінулы панядзелак дзяржаўныя прапагандысты паказалі адмысловы рэпартаж, дзе наўпрост пагражалі тэрактамі ды стралянінаю на наступных акцыях пратэсту 15 і 25 сакавіка. Паводле бэтэшнікаў, туды прыйдуць апазіцыйныя баевікі з бомбамі. Таму сядзіце ўдома!

Дзмітрый Міцкевіч, «Belarus Security Blog»:

«Улады спрабуюць пужаць людзей гэтымі групоўкамі, казаць, што глядзіце, на гэтых мітынгах радыкалы і гэтак далей. І тут узнікае вялікае пытанне: хто насамрэч разгойдвае сітуацыю?».

У спецрэпартажы «Званок сябру» дзяржаўнае тэлебачанне ці то са звычкі, ці то наўмысна напхала страшылак пра ўкраінскіх нацыстаў. Тэзісы пра пагрозу з Кіева падмацоўваліся палітолагамі пераважна пракрамлёўскіх поглядаў.

Дзмітрый Міцкевіч дадае:

«Увогуле вельмі цікава, як спецслужбы паглядзяць на выкарыстанне ў дзяржаўным тэлебачанні такіх экспертаў, якія фактычна распалілі вайну на ўсходзе Украіны і ёсць пасобнікамі сапраўдных тэрарыстаў».

Паводле інфармацыі «Белсату», некаторыя адмыслоўцы ў спецслужбах ужо зацікавіліся аўтарамі рэпартажу БТ. Занадта ён пасуе да прарасейскай актыўнасці на беларускіх акцыях пратэсту.

На акцыях пратэсту супраць дэкрэту № 3, напрыклад, у Віцебску, зʼявіліся лозунгі, раней адпрацаваныя ў Крыме, Данецку і Луганску. Прарасейскія актывісты пакуль у меншасці, прамацваюць рэакцыю грамадства і сілавікоў.

Андрэй Стрыжак, актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП:

«Могуць засылацца групы людзей, якія могуць спрабаваць справакаваць на паўтор прарасейскіх крычалак, каб перасунуць акцэнт увагі людзей, якія выйшлі пратэставаць супраць сацыяльных праблемаў, у рэчышча палітычнага дыскурсу, які быў звязаны з прарасейскім кантэкстам».

Значна большая актыўнасць расейцаў у інтэрнэце. Натоўпы такіх каментатараў амаль аднолькавымі словамі закідваюць прарасейскія ды антыўкраінскія тэзісы ў беларускую інфармацыйную прастору. Такімі ж словамі пра Беларусь кажуць і расейскія тэлеканалы. А беларусы глядзяць. І вераць.

Сяргей Нікалюк, палітолаг, Менск:

«Як паказалі падзеі ў Крыме, а потым на ўсходзе Украіны, трактоўку гэтых падзеяў з пункту гледзішча расейскіх медыяў у Беларусі падтрымліваюць прыблізна 65 %».

Інфармацыйная вайна – гэта першая і асноўная частка гібрыднае вайны. У Крыме, Данецку і Луганску расейскія вайскоўцы, казакі ды мясцовыя баевікі сустрэлі слабы супраціў, бо спачатку інфармацыйныя сілы Масквы задурылі людзям галовы. І людзі самыя паклікалі Пуціна абараніць іх ад усіх праблемаў – сапраўдных і выдуманых.

Аляксандр Сыцін, кіраўнік Цэнтру палітычных даследаванняў Паўночнай і Усходняй Еўропы:

«Гэтую інфармацыйную вайну ўмоўны калектыўны Захад да цяперашняга часу прайграваў, а на сёння толькі-толькі збірае сілы, каб даць ёй адпор».

З апошніх прыкладаў гібрыднай актыўнасці: Чарнагорыя афіцыйна абвінавачвае расейскія спецслужбы ў рыхтаванні спробы забойства прэмʼер-міністра. Дзяржаўны пераварот мусіў спыніць уваход Чарнагорыі ў НАТО. Замах не ўдаўся, затое цяпер фінансаваныя Масквою палітыкі рыхтуюць нелегальны антынатаўскі рэферэндум. Расея ўсё адмаўляе.

У Арменіі, дзе 9 гадоў таму невядомыя аўтаматчыкі расстралялі дэмакратычны пратэст, такіх афіцыйных расследаванняў няма, і пра магчымую дзейнасць расейскіх спецслужбаў кажуць толькі некаторыя апазіцыянеры.

Затое ў Кіеве пасля Рэвалюцыі годнасці апазналі расейскіх грамадзянаў, у тым ліку спецназаўцаў сярод тых, хто расстрэльваў Майдан.

Яўген Магда, Цэнтр грамадскіх дачыненняў, Кіеў каментуе:

«Калі вы добра памятаеце падзеі Еўрамайдану, то там заўжды з’яўлялася нейкая «трэцяя рука», якая ўвесь час падкідала дровы ў агонь. І Беларусі варта гэта ўлічваць. Эфектыўны дыялог улады і грамадства можа нейтралізаваць дастаткова шмат пагрозаў. Калі не зліквідаваць, то істотна зменшыць».

Калі няма разумення, адкуль ідзе сапраўдная пагроза, то ўжыванне бронетэхнікі супраць людзей не дапаможа. А наадварот, адчыніць дзверы міратворчай аперацыі «зялёных чалавечкаў».

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Іншыя тэмы праграмы:

  • Чаму ў інтэграцыі з Расеяй ніхто сілком не трымае, але выйсці немагчыма?
  • Якою бачыць Беларусь Віктар Юшчанка?
  • Як галандцы могуць уратаваць Еўразвяз?

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет». Глядзіце выданне цалкам:

Стужка навінаў