Чаго спалохаўся «жэстачайшы»

Калі хто памятае, пад час выбарчай кампаніі 1994 года Той-Каго-Нельга не называць шмат разоў на розных трыбунах трос папкай, у якой быццам бы, былі ўсе карупцыянеры Кебіча. Праз пэўны час кіраўнік яго выбарчага штаба і першы начальнік прэзідэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын расказваў мне, што звычайна яна была абсалютна пустой, а пагрозы – піяр-ход «апантанага барацьбіта з карупцыяй», бо імідж кандыдата ў прэзідэнты будаваўся менавіта на гэтым.

Хочацца верыць, што расказ пра страляніну на трасе «Масква-Берлін» таксама – пустая папка. Інакш гэтую частку выступу можна зразумець, як пэўнае прызнанне сваёй віны ў арганізацыі асабліва цяжкага злачынства. Можа нават забойства…

Так можна нават падумаць, што Той-Каго-Нельга не называць аддаў загад забіць крымінальнікаў Шчаўліка і Боцмана і «знікнуць» апазіцыйных іншадумцаў…

Адзінае, што супакойвае – адпаведнасць слоў гаварлівага «ўсенароднаабранага» рэальнасці. Дакладней, іх абсалютная неадпаведнасць. Да таго, што часта гаворыцца адно, а робіцца другое прызвычаіліся нават прыхільнікі АГЛ.

Рэплікі ў чэргах і словы, якія ў прыстойных тэкстах абазначаюцца шматкроп’ямі, яскрава сведчаць пра тое, што з кожным днём іх становіцца ўсё менш і менш. І ўласцівы першым гадам прэзідэнцтва прыемны эпітэт вельмі хутка можа ператварыцца ў не вельмі прыемны – усенароднавыгнаны.

Менавіта гэтага і спужаўся Той-Каго-Нельга не называць, а не нейкіх заяваў апазіцыйных лідараў, бо падзеі сакавіка мінулага года паказалі, што нават, калі ўсіх іх пасадзіць у турму, пратэстную хвалю не збіць. Зменшыць – так, але цалкам заглушыць – немагчыма.

Да таго ж 25 сакавіка года бягучага паказала, што, глеба для пратэстаў ёсць і яна надзвычай небяспечная. Не буду спрачацца з канкрэтнымі лічбамі тых, хто прыйшоў да Опернага тэатра. На мой погляд, галоўнае тут не канкрэтная колькасць, а тое, што, як кажа папулярны спявак Лявон Вольскі, «нас да халеры».

А армянскія падзеі даволі красамоўна паказалі, што ліміт на каляровыя рэвалюцыі, не гледзячы на пастаянныя публічныя загаворы, не толькі не вычарпаны, але і ў любы момант можа стаць непрыемным фактам. І тады ніякія казкі пра армянабандэраўцаў не дапамогуць
Як і ніякія кулі, шчыты, кручкі, шуняўкі, і снайперы з танкамі.

Выратаваць скуру немагчыма, калі гэтага не дазволіць народ. Рэйтынг румынскага дыктатара быў не меншым і зубы ў яго былі не менш вострымі, але было дастаткова праліць кроў шахцёраў, як усё скончылася ганебным расстрэлам ля плота.

Спадзяюся, у Драздах гэты добра разумеюць. І не толькі Той-Каго-Нельга не называць…
А пужацца ён умее даволі шчыра. Былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір расказваў як у дэбюце свайго кіраўніцтва АГЛ надзвычай баяўся, што не хопіць грошаў на тое, каб пасеяць-пажаць.
А яшчэ АГЛ умее «жартаваць». Інакш цяжка зразумець фразу пра тое, што ніхто яму пакуль выразна не патлумачыў, якое месца ў беларускай эканомікі зойме беларуская атамная станцыя. Калі ўлічыць крэдыт у 10 мільярдаў долараў і тое, што два гады таму гаварылася супрацьлеглае, то зараз варта было б «гасіць святло».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў