Чаго чакаць Беларусі ад змены ўладаў у Польшчы?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/mjrblegOV9c”][vc_column_text]Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах у Польшчы нацыянал-кансерватараў з партыі «Закон і справядлівасць» у гэтай краіне больш увагі будзе ўдзяляцца Беларусі, мяркуе журналіст Алег Барцэвіч.

«Не сакрэт, што адукацыйныя, медыйныя, сацыяльныя ды іншыя праекты, якія Польшча рэалізуе ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі, паўставалі ў той час, калі кіраваў «Закон і справядлівасць». Цяпер можна чакаць, што ўвагі да Беларусі, прынамсі да грамадзянскай супольнасці, будзе больш», – заўважыў публіцыст у праграме «ПраСвет».

Што датычыць большай жорсткасці ў стасунках з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, то пакуль нічога нельга меркаваць. «Мы назіраем змену трэндаў у сувязі з геапалітычнай сітуацыяй з Расеяй. Еўропа ўжо не ўспрымае Аляксандра Лукашэнку як апошняга дыктатара Еўропы, бо гэтае месца заняў Уладзімір Пуцін. Напэўна, »Закон і справядлівасць« не будзе лагодным да беларускага рэжыму, але, магчыма, і будуць спробы дамаўляцца з рэжымам», – падкрэсліў спадар Барцэвіч.

Спробы польскіх уладаў дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам – гэта не абавязкова кепска для Беларусі, лічыць журналіст. «Галоўнай геапалітычнай мэтай краінаў у нашым рэгіёне ёсць выжыванне. Трэба глядзець на справу з гэтага гледзішча», – адзначыў спадар Барцэвіч.

Калі папярэдняе кіраўніцтва Польшчы з партыі «Грамадзянская платформа» ў вонкавай палітыцы «азіралася на Берлін», то «Закон і справядлівасць» мае амбіцыі самастойнай гульні ў рэгіёне і аб’яднання вакол сябе іншых краінаў. У сённяшняй сітуацыі, калі захоўваецца статус-кво, «Закон і справядлівасць» не здолее нічога змяніць у нашай краіне, калі самі беларусы не захацелі зменаў падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, падкрэсліў госць «Белсату».

На ягоную думку, кіраванне правых сілаў у Польшчы прынясе больш карысці і Беларусі, і Украіне. Адмысловец узгадаў сітуацыю ў 2008 годзе, калі Расея напала на Грузію.

«Між іншага, стрымала прасоўванне расейскіх войскаў на Тбілісі тое, што некалькі прэзідэнтаў на чале з Лехам Качыньскім, братам сённяшняга лідара «Закона і справядлівасці», прыехалі і падтрымалі Грузію. Калі ва Украіне здарылася расейская агрэсія,  «Грамадзянская платформа» не была настолькі актыўнай», – заўважыў журналіст.

Больш пра палітычную сітуацыю ў Польшчы, а таксама пра мясцовыя выбары ва Украіне ды сусветныя гульні карэнных народаў у Бразіліі – у апошнім выданні праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. Праграму можна глядзець у онлайн-трансляцыі на нашым сайце.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў