«Чаго без шлёму лётаюць?» ДАІ тлумачыць, чаму не аштрафавалі «Начных ваўкоў» (дакумент)


Журналіст «Белсату» атрымаў афіцыйны адказ з ДАІ Берасцейшчыны адносна мотапрабегу «Начных ваўкоў». Праваахоўнікі зазначаюць, што прапуцінскія байкеры парушалі ПДР «магчыма, дзеля правакацыі».

Журналіст belsat.eu звярнуўся да Міністэрства ўнутраных справаў з просьбаю патлумачыць, чаму падчас мотапрабегу ў Берасці «Начныя ваўкі» былі без моташлёмаў, а працаўнікі ДАІ на гэтае парушэнне не рэагавалі.

«У красавіку 2015 года ў г. Берасце група матацыклістаў у непасрэднай прысутнасці экіпажу ДПС (бартавы нумар машыны 1217) здзяйсняла праезд па вуліцы без шлемаў. Гэты факт пацвярджаецца відэазапісам, змешчаным у сетцы інтэрнэт», – гаворыцца ў звароце Змітра Ягорава да МУС. У электронным лісце таксама былі спасылкі на відэа і фота, што пацвярджаюць факт парушэння.

«Наш тэлеканал не мае магчымасці легальна працаваць у Беларусі, таму я вырашыў звярнуцца ў ДАІ як шараговы грамадзянін. Падобныя пытанні ўжо здавалі МУС на акаўнце ў Facebook, але канкрэтнага адказу не было, – гаворыць Зміцер Ягораў. – Мяне, як кіроўцу, абурыла, што проста пад носам у ДАІ «Начныя ваўкі» парушаюць ПДР. Перад законам усе роўныя, а банда Залдастанава – раўнейшая?»

У адказе на зварот ДАІ прызнае, што парушэнне мела месца. Аднак запэўнівае, што працаўнікі дзяржаўтаінспекцыі перад пачаткам руху калонны спраўдзілі, «што ўсе ўдзельнікі дарожнага руху знаходзяцца ў моташлемах».

«Рух ажыццяўляўся па г. Берасце ў кірунку Амбасады Расейскай Федэрацыі, размешчанага па вул. Пушкінскай. Супрацоўнікі ДАІ спыніліся за ўездам у Амбасаду, і ў той момант, калі выйшлі з аўтамабіля, частка матацыклістаў ужо заехала на тэрыторыю Амбасады. Пры такіх абставінах яны не маглі бачыць, хто менавіта з матацыклістаў кіраваў транспартным сродкам без моташлёма.

Магчыма, для правакацыі, а таксама прыцягнення да сябе ўвагі работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, некалькі матацыклістаў падчас руху знялі моташлёмы», – гаворыцца ў адказе на зварот.

Дакумент падпісаў в.а. намесніка начальніка ДАІ В.Ф. Мельнікаў.

Паводле міліцыянта, пакараць байкераў «не ўяўляецца магчымым, так як асобы правапарушальнікаў не ўстаноўлены». А працаўнікам Дзяржаўтаінспекцыі «указана на неабходнасць больш дбайнага правядзення інструктажаў з кіроўцамі перад пачаткам руху ў арганізаванай калоне».

МЛ, belsat.eu

Прапуцінскія байкеры парушаюць ПДР на вачох ДАІ, відэадоказ >>>>>

Глядзі таксама
Каментары