Чаго баіцца Пуцін? Былы кіраўнік Украіны Юшчанка даў эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату»


Экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка да таго, што адбываецца ў Беларусі, мае больш дачынення, чымся падаецца на першы погляд.

Якія ён бачыць шляхі для захавання тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны? Чаго баіцца Пуцін? Былы кіраўнік Украіны распавёў у эксклюзіўным інтэрвʼю Аліне Коўшык.

АК: Зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка назваў Украіну братнім народам, які змагаецца за незалежнасць. І гэтую тэзу падхапілі шмат якія медыі не толькі ў Беларусі ды Украіне, але і ў Расеі. Ці вас не здзіўляюць гэтыя словы?

ВЮ: Я б не сказаў, што мяне гэта здзівіла. Бо калі прааналізаваць тое, як за апошнія тры гады Беларусь ставілася да расейскай вайны ва Украіне, што мы чулі з вуснаў прэзідэнта, – гэта тое, што беларусы не аддамо і пядзі сваёй зямлі. Паміж радкоў я чытаю: «Я ўсе зраблю, каб не дапусціць у Беларусі агрэсію і акупацыя, як ва Украіне».

Потым, памятаеце, было шмат сказана на тэму беларускай мовы. Мне гэта чуць было вельмі прыемна, бо гэта тэма, якая мабілізуе нацыю. Калі мы кажам пра тое, як сустракаць ворага, – адзінасцю. Гэта найлепшая зброя. Калі гэта адбываецца ў Беларусі, я гэта ўхваляю.

Беларусь не проста расшыфроўвае тое, што адбываецца ва ўкраінска-расейскіх адносінах. Ён разумее, што размова ідзе пра агрэсара, пра акупанта. Не трэба сёння запытваць, па кім звоніць звон, ці па Данбасе, ці па Крыме, па Нагорным Карабаху, калісьці па Паўднёвай Асеціі, Прыднястроўі… Можа, заўтра па Варшаве, Рызе ці па іншых сталіцах. Адным словам тое, што я бачу ў Беларусі, – здаровая прадуманая рэакцыя на выклікі і небяспеку, якая існуе па ўсёй працягласці лініі расейскай мяжы.

АК: Пра пагрозу ад вучэнняў «Захад-2017» першымі заявілі ўкраінскія журналісты з выдання «Апостраф». На вашую думку, гэта рэальны сцэнар, што Расея можа захапіць Беларусь? Ці гэта такая спроба запалохаць Лукашэнку, каб ён быў больш лаяльны адносна Масквы?

ВЮ: Інструментарый запалохвання ў расейскім арсенале вельмі вялікі. Вы бачыце на маім твары, што я сам зведаў не адзін такі інструмент запалохвання, і фізічнага ў тым ліку. Але ў сучаснасці, я ўпэўнены, шлях фармуе не такі тып палітыкі, які мы цяпер абмяркоўваем. Вы ведаеце, гэта ўсё – учорашні дзень. 21 стагоддзе – гэта стагоддзе, у якім пераможа адкрыты. І таму мы разумеем, у чым сіла еўрапейскай калектыўнай бяспекі: у тым, што яна публічная і адкрытая, а не ў войску.

Войска, дарэчы, няма. Але працуе прынцып: пагроза маёй бяспекі – агульная пагроза. І гэта кажуць 29 лідараў дзяржаваў. А што можна гэтаму супрацьпаставіць? Ні атаму, ні ракетных комплексаў, нічога. І таму я думаю, што нават калі гэта расейская задума, то на яе не трэба рэагаваць. Ёсць рэчы мацнейшыя, якія вы можаце самыя зрабіць. Калі вы будзеце ў пазіцыі адкрытасці ды салідарнасці з еўрапейскаю дзяржаўнаю прастораю, то вы заўсёды пераможаце.

А неяк дапасоўвацца, паддавацца на правакацыю і нейкім чынам рэагаваць… Мне гэта будзе нагадваць спробы ў 1938 г. задобрыць Гітлера. Можа, давайце Судэты аддамо – будзе дабрэйшы. Аддалі. А потым, можа, Аўстрыю аддамо. Аддалі. Аддалі Данію, Швецыю, аддалі Цэнтральную Еўропу. Капітулявала Францыя. Расея падпісала замірэнне. Адна Англія засталася апанентам Гітлера, і з таго пачаўся еўрапейскі рух супраціву, які ўрэшце прывёў да перамогі 8 траўня. Таму не трэба жыць феадальнымі прынцыпамі, не трэба жыць маніпуляцыямі, якія, на першы погляд, падаюцца разумнымі, асіметрычнымі і дальнабачнымі. Насамрэч гэта ўчорашні дзень, свет такімі паняткамі ўжо не жыве.

АК: І як нам трэба жыць, Украіне і Беларусі, якія побач з агрэсіўнаю Расеяй?

ВЮ: Трэба разумець, што Пуцін баіцца дзвюх рэчаў. Не трох, не чатырох, дзвюх. Першая рэч – рэакцыя ўласнага народу на ягоную палітыку. Але я мяркую, што яго народ спіць. Вельмі часта гэты народ любіць рабства, не любіць свабоды. Вельмі любіць цара. Ён, вядома, прачнецца, але я б на гэта не рабіў стаўкі. Ёсць другі кампанент, чаго баіцца Пуцін. Пуцін баіцца міжнароднай салідарнай рэакцыі на сярэдневяковую палітыку, якую ён праводзіць. Нам трэба зрабіць усё, каб такая салідарнасць утварылася спачатку ў рэгіёне, потым у Еўропе, а потым на свеце. Гэта адзіны спосаб, не праліваючы крыві, не прыносячы вялікіх ахвяраў, спыніць зло.

АК: Ці Украіна адчувае дастаткова гэтай салідарнасці?

ВЮ: Вядома ж, не. Значная частка Еўропы глядзіць на канфлікт ва ўсходняй Украіне як на нацыянальны канфлікт. У горшым выпадку, як рэгіянальны, не больш. Гэта вялікая памылка. Як правіла, Еўропа тут досыць бяздзейная. Няма ніводнага еўрапейскага інстытуту, які б быў задзеяны ў працэс урэгулявання канфлікту. А насамрэч тое, пра што я мару…

У Еўропе цяпер сем вайсковых канфліктаў, шэсць з іх – на Усходзе Еўропы. Гэта кажа пра тое, што Усход стаў пасам нестабільнасці ў Еўропе: Нагорны Карабах, Паўднёвая Асеція, Абхазія, Крым, Прыднястроўе, Данбас. І з шасці канфліктаў – адзін гарачы, дзе ёсць ахвяры кожны дзень. Я перакананы, што калі б у нашай дыскусіі браў удзел Ўінстан Чэрчыль, ён бы сказаў, што ад Балтыкі да Чорнага мора ў Еўропе пабудаваная высокая і шырокая металёвая сцяна.

Гэта мяжа паміж дзвюма адрознымі палітыкамі, палітыкай імперскай, феадальнай і палітыкай еўрапейскай, дэмакратычнай. Гэта канфлікт паміж вольным чалавекам і рабом. Сёння для нас вельмі важна, каб еўрапейскія і ўсходне-еўрапейскія палітыкі паглядзелі на тое, што адбываецца на ўсходзе Украіны, як на геапалітычную праблему. Гэта не праблема Украіны, Беларусі ці Малдовы. Калі мы хочам, каб гэты пас выпраменьваў мір і стабільнасць, мы павінны прыкласці геапалітычныя інструменты яго ўрэгулявання. Не можа Захарчанка ці Платніцкі ўказваць, як трэба развязаць гэты канфлікт. Бо крыніца канфлікту не Захарчанка ці Платніцкі, яго крыніца – Пуцін.

АК: Калі вы сталі прэзідэнтам, то адзін з першых указаў быў пра адмену візаў. Цяпер падобны крок зрабіў Аляксандр Лукашэнка. Хутка для ўкраінцаў адменяць візы ў ЕЗ. А дзе цяпер Беларусь?

ВЮ: Вы прымушаеце мяне казаць пра пэўныя тайны. Я перакананы, што калі б у 2006–2007 гг. адносна Беларусі ўжылі іншую еўрапейскую практыку, яна была б у іншым месцы, чым цяпер. І я шмат рабіў для таго, каб Беларусь была там, дзе была Украіна: кантакты і сустрэчы, якія я арганізоўваў (думаю, калісьці з прэзідэнтам Беларусі мы пра гэта раскажам). Я не хачу быць арбітрам, але ў беларуска-расейскіх адносінах былі такія пункты, да якіх можна было ўжываць больш мадэрную, адкрытую еўрапейскую палітыку. Гэта было б справядліва ў дачыненні Беларусі ды беларускага народу.

Цяпер вельмі важная ўкраінска-беларуская салідарнасць. Гэта нават не «супраць каго мы сябруем», а тыя ідэалы, якія ў нас зʼяўляюцца цяпер. І мы іх разумеем. Каб іх падмацаваць патрэбная салідарнасць. Калі мы будзем рабіць выгляд, што гэта нас не цікавіць, мы будзем слабейшыя. Калі не можаш падняць штангу сам, пакліч сябра. Ёсць мільёны людзей, яны дапамогуць табе.

АК: А што б вы хацелі пажадаць беларусам?

ВЮ: Па-першае, я вельмі люблю Беларусь. Гэта чароўная нацыя, якая і ў характары, і ў ментальнасці вельмі нагадвае ўкраінцаў. Яна не падняла мяча ні на кога і моліць Госпада захаваць тэрытарыяльную цэласнасць і палітычны суверэнітэт, каб планаваць жыццё так, як яна хоча. Я б хацеў, каб гэта Беларусі ўдалося. Насамрэч гэта вельмі вялікая мэта, бо ёсць багата сілаў (і мажліва, іх больш, чым рэсурсаў у Беларусі), якія бачаць іншую Беларусь, залежную, без нацыянальнай памяці, якую будзе ствараць савецкі народ. Мне такая Беларусь не зразумелая.

АК: Дзякую.

ВЮ: Дзякуй вам.

Сюжэт выйшаў эфір у межах праграмы «ПраСвет»

Іншыя тэмы праграмы:
Чаму ў інтэграцыі з Расеяй ніхто сілком не трымае, але выйсці немагчыма?
Якою бачыць Беларусь Віктар Юшчанка?
Як галандцы могуць уратаваць Еўразвяз?

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары