Чацвёртая гадавіна крывавай бойні Брэйвіка: у Нарвегіі ўспамінаюць ахвяраў тэракту


Сёння па ўсёй краіне ладзяць набажэнствы і памятныя цырымоніі з ускладаннем кветак на выспе Утойя.

Андэрс Бэрынг Брэйвік падарваў бомбу ў цэнтры Осла, забіўшы 8 асобаў, а пасля на лодцы прыплыў на востраў, дзе тагачасная кіруючая Лейбарысцкая партыя ладзіла моладзевы летнік. Там ён застрэліў 69 удзельнікаў мерапрыемства, у асноўным падлеткаў.

Ультраправы тэрарыст выступаў супраць іміграцыі мусульманаў і вінаваціў лейбарыстаў, што іх партыя спрыяе «ісламскай каланізацыі» у краіну.

У жніўні 2012 года анты-мусульманскага радыкала прысудзілі да 21 года пазбаўлення волі. Гэта максімальны турэмны тэрмін і вышэйшая мера пакарання ў Нарвегіі. Злачынцу ўтрымліваюць у поўнай ізаляцыі, што праўда, у вельмі добрых умовах. Для яго вылучылі цэлае крыло ў турме «Іла»: тры пакоі (спальню, кабінет, спортзалю) і двор для прагулак.

Аднак жыццё за калючым дротам Брэйвіку, якога прызналі псіхічна здаровым, могуць падоўжыць, калі напрыканцы яго прызнаюць небяспечным для грамадства.

Сёння ў Осла адчыняецца выстава асабістых рэчаў забойцы. Жыхары нарвежскай сталіцы асцерагаюцца, што экспазіцыя ператворыцца ў «залю славы» для тэрарыста. Паводле ж некаторых парламентарыяў, неадназначная акцыя дапаможа лепш зразумець трагедыю. Аднак большасць людзей проста хочуць забыць той жахлівы дзень.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў