Чачэнцы перавялі з Беларусі ў Літву 56 в’етнамцаў


Затрыманыя летась на беларуска-літоўскай мяжы грамадзяне В'етнаму.

Сёння набыў моц прысуд у дачыненні да міжнароднай злачыннай групы, якая займалася незаконнай міграцыяй.

З кастрычніка па снежань 2015 года 7 чалавек – грамадзяне Беларусі, Расеі і Малдовы – перавялі праз беларускую мяжу ў Еўразвяз 56 грамадзянаў В’етнаму. Злачынцы дастаўлялі в’етнамцаў з Масквы ў Беларусь на машынах, адсочваючы загадзя пасты міліцыі і паведамляючы пра іх кіроўцам праз мабільныя тэлефоны.

Памежны камітэт падае, што ў Беларусі в’етнамцаў перадавалі «правадырам чачэнскай нацыянальнасці», якія пехатою «праводзілі іх на тэрыторыю Літвы, абмінаючы пункты пропуску».

Справа трапіла ў суд Шчучынскага раёну, пасля таго, як дзейнасць групы выкрылі беларускія памежнікі. Суд прызнаў удзельнікаў групы вінаватымі паводле часткі 1-ай артыкулу 371 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя незаконнай міграцыі) і прысудзіў да тэрмінаў ад 3-х гадоў да 4-х гадоў і 2-х месяцаў.

Акрамя таго, дзяржава канфіскавала ў злачынцаў два аўта Volvo і заробленыя на транзіце в’етнамцаў грошы.

Сёння прысуд набыў законную моц.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары