Царква, дзе замест абразоў вісяць гербы старадаўняй Літвы


Вялікі катэдж за высокім плотам дзесьці на ўскраіне Менску. Вакол – прамысловыя будынкі, чыгуначныя пад’язныя шляхі. За плотам чуецца гамонка, хтосьці заходзіць праз браму на падворак, дзе двое апранутых па-святочнаму мужчын вітаюць прыбылых словамі «Супакой вам».

У двары чуецца беларуская мова, па-беларуску адно да аднаго гукаюць шматлікія дзеці. Неўзабаве мае распачацца малітоўная сустрэча ў пратэстанцкай супольнасці «Ян Прадвеснік». Па сігнале ўсё ўваходзяць у катэдж – там у прасторнай зале сабралася каля 60 чалавек.

Служба пачынаецца з чытання Бібліі, далей – малітва. Усё на беларускай мове. Вернікі не маюць малітоўнікаў з надрукаванымі словамі. Кожны з іх моліцца так, як умее, шэпча тое, што хоча даверыць Богу. Толькі раз-пораз прысутныя ўзносяць угору рукі ды на ўвесь голас абвяшчаюць: «Слава Табе, Госпадзе!» Малітва чаргуецца з песнямі, якія выконваюць некалькі чалавек на ўзвышэнні кшталту сцэны, але ўся зала дружна падцягвае мелодыю. Узрушанасць і энтузіязм, здаецца, авалодваюць кожным.

«Паша, мы дзякуем Богу, што ты выстаяў»

Надышоў час дзяліцца сведчаннямі. Кожны ахвотны можа распавесці пра тое, што з ім здарылася за мінулы тыдзень, падзякаваць Богу за падтрыманне. Памочнік пастара – дыякан – запрашае наперад Паўла, зусім маладога хлопца, які некалькі дзён таму вярнуўся з войска. Нехта кажа: «Паша, мы дзякуем Богу, што ты вытрымаў». Пасля гэтага дыякан прызнаецца, што дзякуючы Божай апецы, у чым ён перакананы, яму ўдалося не спазніцца на цягнік у Вільні. Іншая важная тэма – падзеі ва Украіне. Памочнік пастара заклікае прысутных памаліцца, каб Бог выгнаў «з Украіны дябальшчыну», пад якою, пэўна, разумеліся расейскія вайскоўцы-захопнікі, ды ўспамог сваёй ласкаю выбары, якія мелі там адбыцца.

«Войска Госпада ідзе»

Яшчэ адна гісторыя – пра выезд дзяцей вернікаў па слядах беларускіх рыцараў у Нясвіж. «Уявіце сабе, дзясяткі нашых дзетак з рыцарскімі шаломамі і шчытамі ішлі каля гарвыканкаму і спявалі: «Войска Госпада ідзе». Некаторыя мінакі прыпыняліся ды пыталі, хто мы такія», – распавядае арганізатар. Адвага малых хрысціянаў, якія не саромеюцца і не баяцца дзяліцца ўласнаю вераю, уражвае, паколькі нават за плясканне ў ладкі ці палітычнае маўчанне ў нашай краіне могуць пакараць.

Пратэстантызм, які з’яўляўся і знікаў

Заснавальнікамі пратэстантызму называюць Марціна Лютэра, Жана Кальвіна і Ульрыха Цвінглі, якія напачатку XVI стагоддзя выступілі супраць некаторых догмаў каталіцкага Касцёлу, крытыкавалі каталіцкае духавенства за багацце і манаполію на духоўнае кіраўніцтва ў Еўропе. Пратэстанты не прызнавалі аўтарытэту Рымскага Папы, пазбавіліся багатага ўбранства сваіх святыняў, адмовіліся ад складаных рытуалаў, культу мошчаў, абразаў, святых і Дзевы Марыі. Адзіным аўтарытэтам для іх заставалася Біблія.

На беларускіх землях пратэстантызм з’явіўся ў XVI стагоддзі ды меў элітарны характар. Да Рэфармацыі далучыліся перадусім магнаты і шляхта, напрыклад, магутныя роды Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Тышкевічаў, Дарагастайскіх ды інш. У 1572 годзе сенатарамі Вялікага княства Літоўскага было 16 пратэстантаў і толькі 3 праваслаўныя ды 3 каталікі.
З часам пратэстантызм у ВКЛ пачаў слабнуць, да чаго прычынілася Контррэфармацыя – рух каталіцкага Касцёлу дзеля аднаўлення свайго значэння і ўплыву. Пратэстантызм, згубіўшы падтрымку магнатаў, страціў свае ўплывы ў ВКЛ, а яго пашырэнне было перарванае.

«А, можа, і праўду яны кажуць?»

У канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў беларусы пачалі актыўна выязджаць на заробкі ў Амерыку. Некаторыя з іх вярталіся з новымі рэлігійнымі ідэямі, паводле якіх трэба было адмежавацца ад «сапсаваных», на думку былых працоўных эмігрантаў, каталіцтва і перадусім праваслаўя. У беларускіх вёсках з’явіліся першыя «сектанты», як іх называлі. У 1938 годзе польскі журналіст Юзаф Мацкевіч апісаў дзейнасць пратэстантаў у Заходняй Беларусі ў сваім зборніку рэпартажаў «Бунт тваняў» (“Bunt rojstów”).

Мацкевіч спытаўся пратэстантаў у беларускай вёсцы, у чым заключаецца іхная навука? «На Евангеллі і добрых учынках. Мы – хрысціяне, астатнія толькі запісаныя хрысціянамі ў метрычных кнігах і больш нічога. Ходзяць у царкву, але п’юць, крадуць і забіваюць, гуляюць у карты, паляць, лаюцца. Ці яны хрысціяне? Самі скажыце? Ці я жыву сярод хрысціянаў, калі мушу трымаць набытак пад сямю замкамі? Гэта не хрысціяне», – адказалі журналісту «пяцідзясятнікі з Радашковіч».

І сёння адчуваецца, што пратэстанты маюць пачуццё своеасаблівай перавагі над прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесіяў. Чальцы пратэстанцкіх супольнасцяў на Палессі, з якімі нам давялося паразмаўляць, у супрацьвагу каталікам і праваслаўным толькі сябе называюць «вернікамі», чым падкрэсліваюць адмысловую блізкасць да Бога. «У палескіх селішчах праваслаўныя часам называюць пратэстантаў «святымі», бо тыя не спажываюць алкаголю і не паляць», – пацвярджае журналіст з Пінску Васіль Мацкевіч.

Ягоны цёзка па прозвішчы Юзаф Мацкевіч лічыў, што масавае пашырэнне пратэстантызму сярод беларусаў, якія жылі ў Польшчы перад ІІ сусветнай вайною было «містычнай рэакцыяй на блізкую савецкую мяжу». На ягоную думку, беларускія сяляне пад уплывам навінаў пра савецкія калгасы гублялі веру ў камунізм, і, не бачачы вырашэння сваіх праблемаў у гэтым свеце, звярталіся да Бога. «Там (у СССР – рэд.) кепска і тут блага. Тады з адной вёскі ў другую ідуць людзі, трымаюць у руцэ святое Евангелле і абвяшчаюць нешта новае. Можа, гэта новае – гэта ратунак? У гэтым прывабная сіла навізны, зменаў тыпу «можа, і праўду яны кажуць», – пісаў польскі журналіст, выкарыстоўваючы беларускія словы.

Пра актыўнасць беларускіх пратэстантаў у міжваенны перыяд на тэрыторыі Польшчы сведчыць і тое, што яны першымі пераклалі Новы Запавет і Псалтыр на сучасную беларускую мову.

Вера ў падполлі

Распаўсюд пратэстантызму сярод беларусаў прыпыніўся разам з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР. Пратэстанцкія вернікі зносілі ганенні ад камуністычных уладаў, таму былі вымушаныя сысці ў падполле. У часы сталінізму адкрытых вернікаў часта абвяшчалі «ворагамі народу», прыгаворвалі да расстрэлаў або адпраўлялі ў ГУЛАГ. Падчас ІІ сусветнай вайны савецкія ўлады высылалі пратэстантаў з яшчэ неакупаваных тэрыторыяў у Сібір, абвінавачваючы іх у пранямецкіх настроях.

Пратэстанцкія абшчыны ў СССР заўсёды былі пад пільным наглядам, бо камуністы баяліся бунту з іхнага боку. На падпольныя сустрэчы ў пратэстанцкія абшчыны, як правіла, прыходзілі «ціхары». «У нас было падазрэнне, што адзін з мужчынаў, які пачаў наведваць малітоўныя сходы, – высланнік уладаў, каб кантраляваць, ці мы не кажам на сходах нечага кепскага пра савецкую ўладу, – распавяла жанчына з евангелісцкай супольнасці ў Пінску. – Мы не маглі праверыць, ці ён насамрэч шпіёніць. На адным са спатканняў, пасля таго як прачыталі ўрывак з Евангелля, нехта папрасіў падазронага мужчыну, каб той падзяліўся сваймі думкамі. Мужчына вельмі збянтэжыўся, зніякавеў і ўцёк са спаткання, мяркуючы, што яго выкрылі. Больш на сходы вернікаў ён не прыходзіў».

Новая хваля пратэстантызму з’явілася ў Беларусі пасля распаду СССР. Тады з падполля выйшла шмат Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, з-за мяжы пачалі прыязджаць місіянеры, сярод якіх быў каталіцкі актывіст з Польшчы Яраслаў Лукасік. Паводле аповедаў ягоных паслядоўнікаў, дзеяч пачуў Божы голас, які клікаў яго ў Беларусь, каб аддзячыць народу, які ўзгадаваў славутага паэта Адама Міцкевіча ці кіраўніка Польшчы Юзафа Пілсудскага. Актывіст згуртаваў пры касцёле святога Роха ў Менску актыўную моладзь ды заснаваў харызматычную супольнасць, якая праз некаторы час выйшла з каталіцкага Касцёлу і далучылася да руху пяцідзясятнікаў.

Эліта краіны – пратэстанты

З часам Царква «Ян Прадвеснік» стала найбуйнейшаю пратэстанцкай грамадой, у якой яднаецца вера і патрыятызм. Царква працуе легальна, але ўлады Беларусі не спускаюць з яе вока. У 2007 годзе з нашай краіны дэпартавалі пастара і заснавальніка супольнасці Яраслава Лукасіка. Яго абвінавацілі ў «дзеяннях супраць нацыянальных інтарэсаў Беларусі». Наступніка пастара Лукасіка – Антонія Бокуна – каралі штрафам і арыштам «за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, хоць ён толькі правёў малітоўнае служэнне ў сваёй хаце.

У лютым 2012 года АМАП здзейсніў напад на дом малітвы супольнасці «Ян Прадвеснік». Сілавікі праз вокны ўварваліся на паседжанне гістарычнага «Ліцвінскага клубу». Падставай для ўварвання нібыта было паведамленне пра наяўнасць у будынку наркотыкаў, якіх гэтак і не знайшлі. Цалкам магчыма, што гэта была правакацыя з боку ўладаў, бо чальцамі супольнасці з’яўляюцца шмат якія апазіцыйныя дзеячы.

Такія, як хоць бы Павел, які толькі што вярнуўся з войска. Хлопец быў ахрышчаны ў праваслаўі, але царквы не наведваў, як прызнаўся. Дзякуючы кантактам з лідарамі «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам і ягонай будучай жонкаю Настай прыйшоў у Царкву «Ян Прадвеснік». Праз некаторы час яго забралі ў войска. «Мой прызыў быў палітычны. Я быў студэнтам будаўнічага каледжу, але мяне адлічылі адмыслова пад прызыў», – сцвярджае Павел. У войску хлопец адмовіўся даваць прысягу ўладам Беларусі, за што яго скіравалі ў чыгуначны батальён. «Я вырашыў, што гэта не патрэбна, паколькі я ўжо складаў прысягу перад Богам у «Маладым Фронце», – дадаў Павел.

Аказалася, што ў яго батальёне знаходзяцца каля 100 вернікаў іншых пратэстанцкіх адгалінаванняў. «Былі там баптысты, адвентысты. Служыла там, можна сказаць, эліта нашай краіны – пратэстанты. Акрамя таго, розныя крымінальнікі, якім дзяржава баялася даць зброю ў рукі», – прызнаўся маладзён. Павел падкрэслівае, што ў войску ніхто не чапляўся да яго з-за беларускай мовы, некаторыя проста не разумелі і таму даводзілася часам пераходзіць на расейскую. Разам з іншымі пратэстанцкімі вернікамі Павел меў магчымасць супольна маліцца.

Паводле маладзёна, найвялікшаю пагрозаю для цяперашніх уладаў Беларусі ёсць пратэстанты і каталікі. «Мы незалежныя ад уладаў, і робім тое, што лічым неабходным, тое, што нам кажа Госпад», – падзяліўся малады вернік.

Уцёкі з «духоўнай пустыні»

Памочнік пастара – дыякан Юрась – таксама прайшоў шлях ад праваслаўя да Царквы пяцідзясятнікаў. Мужчына паходзіць з Усходняй Беларусі, якую называе «духоўнай пустыняй». Хоць бацькі спадара Юрася ахрысцілі яго ў царкве, самі яны не наведвалі яе нават у вялікія святы.

У супольнасць «Ян Прадвеснік» ён трапіў праз свайго калегу з гістарычнага факультэту, які запрасіў яго туды на малітву. «Калі я прыйшоў, там акурат абмяркоўвалі вобраз Бога і чалавека з пункту гледжання Бібліі. Я зацікавіўся гэтым, бо яшчэ ў дзяцінстве я хацеў жыць у асяроддзі добрых людзей, якія дзеляцца любоўю. Потым я адкрыў, што вакол – замала любові, і сам пачаў рабіць кепскія рэчы. Мае дзіцячыя мары не споўніліся. Але потым я прыйшоў у Царкву і пачуў, кім ёсць чалавек у Божым плане». Беларускасць прыйшла да спадара Юрася пазней. Стымулам для гэтага была прысутнасць у супольнасці людзей, якія не саромеліся размаўляць на роднай мове.

Дыякан прызнаўся, што ў Беларусі да пратэстантаў часта ставяцца з падазрэннем. «Калі я сказаў жонцы, што стаў пяцідзясятнікам, яна запала ў істэрыку, баялася, што я трапіў у секту. Але пасля таго, як я двойчы прывёў яе сюды, яна змяніла сваё меркаванне». Часам праблемаю для тых, хто абраў пратэстантызм, з’яўляюцца таксама бацькі, бо шмат з іх лічыць адыход ад праваслаўя здрадаю веры продкаў, заўважыў спадар Юрась. «На самой справе гэтыя людзі самі здрадзілі сваёй веры, і даўно не вераць у Бога, але стэрэатып існуе», – дадаў памочнік пастара.

«Госпадзе, Ты паказаў нам вузкую сцяжыну, з якой мы можам аступіцца ў кожную хвіліну, – але мы не аступімся, бо Ты ёсць з намі».

Апазіцыянеры і пратэстанты

На набажэнстве мы сустракаем былую палітзняволеную Насту Дашкевіч. Ейны муж Зміцер таксама адсядзеў за кратамі 2,5 гады. Яго арыштавалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года нібыта за тое, што ён напаў на мінака. Тады ён быў толькі жаніхом Насты. Пазней пара распісалася ў турме, а царкоўны шлюб яны ўзялі ў Царкве «Ян Прадвеснік» адразу пасля вызвалення Змітра.

Наста гэтым разам прыйшла на малітву адна, бо Змітра зноў схапілі, калі ён збіраў подпісы за новыя назвы для менскіх вуліцаў, ды пакаралі арыштам на некалькі содняў.

Для Насты, якая ва ўзросце 12 год страціла маці, пытанне пра існаванне Бога заўсёды было вельмі балючым. «Я не хадзіла ў царкву, а бацькі ахрысцілі мяне, калі мне было 7 гадоў. Я адчувала, што мая вера не мае падмурку, мне бракавала адпаведных ведаў», – падзялілася дзяячка. Менавіта ў 12 гадоў дзяўчына далучылася да «Маладога фронту», дзе пасябравала са Змітром Дашкевічам. «Ён увесь час паўтараў адну фразу – «губляеш свой шанец». Неяк ён запрасіў мяне ў Царкву «Ян Прадвеснік», дзе я і засталася», – узгадвае былая палітзняволеная.

Па словах актывісткі, не кожны пратэстант – гэта дысідэнт. Тым не менш, паводле яе, пратэстантызм спрыяе незалежнасці мыслення. «Увогуле, пратэстанты не баяцца выказваць сваё меркаванне і разумеюць, што нельга чалавеку забраць свабоду. Існуюць супольнасці, якія не з’яўляюцца прабеларускімі, але ў той жа час падтрымліваюць палітвязняў. Ёсць таксама Цэрквы, якія цалкам адмяжоўваюцца ад палітыкі».

Паводле яе, быццё пратэстантам дадае сілаў у апазіцыйнай дзейнасці: «Цяжка жыць цягам шматлікіх гадоў у сістэме агульнай несправядлівасці і захаваць сваю годнасць». Яна, як прызналася, шчыра шкадуе людзей, якія ў барацьбе з дыктатурай «ламаюцца», трапляюць у залежнасць ад алкаголю і г.д. «У мяне такое ўражанне, што няверуючыя хутчэй выпальваюцца, бо не маюць у сабе надзеі». Яна прызнае, што вера дапамагла ёй вытрымаць у турме, а Біблія давала парады, як вытрымаць у цяжкія моманты. Наста падкрэслівае, што вера – гэта моцнае падтрыманне для людзей, якія ўвогуле маюць праблемы ў жыцці, а на пратэстанцкіх служэннях суцяшэння часта шукаюць людзі, якія некалі парушылі закон, сталі алкаголікамі альбо наркаманамі.

Дзеці Лютэра

Пастар Царквы «Ян Прадвеснік» Антоні Бокун называе сябе паслядоўнікам першых царкоўных рэфарматараў. «Наша супольнасць перажыла той самы досвед, што і Марцін Лютэр ды Жан Кальвін. Заснавальнікі нашай Царквы падхапілі ідэю Рэфармацыі – ідэю вяртання хрысціянаў да першапачаткова вобразу. Я мяркую, што ў нашыя часы Лютэр ды Кальвін былі б пяцідзясятнікамі», – расказаў лідар супольнасці.

Паводле пастара, Царква «Ян Прадвеснік» імкнецца хрысціянізаваць беларускіх патрыётаў і беларусізаваць хрысціянаў. Спадар Антоні кажа, што для іх супольнасці непрымальная мадэль беларуса-селяніна.

«Дзеячы беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст. выбралі вясковую мадэль беларускасці. Шляхціч Янка Купала пісаў, да прыкладу: «Я мужык-беларус, пан сахі і касы…» Тады ўсе беларусы, незалежна ад паходжання, пачалі атаясамлівацца з сялянскаю культураю. З гэтага часу беларускасць пачалі ўспрымаць праз вышыванкі, каляндарна-абрадавыя святы і г.д. Гэту ж ідэю падхапілі ў БССР ды ўзмацнілі «сярпом і молатам», – сцвярджае спадар Антоні.

Паводле яго, пратэстантызм – гэта рэцэпт на пераадоленне разрыву паміж беларусамі, на «знітаванне дзвюх душаў нашага народу, які цяпер падзелены рэлігіяй, дзвюма дзяржаўнымі мовамі, дзвюма беларускімі правапісамі і г.д». На думку пастара, пратэстантызм прымальны для ўсіх слаёў грамадства, ды стварае заходнія стандарты. «Захад усім добрым абавязаны хрысціянству. Увесь свет, нават камуністы, да прыкладу, лічаць час ад нараджэння Хрыста. І, паглядзіце, нашыя людзі праз эміграцыю выбіраюць менавіта Захад. За Амерыку эміграцыяй галасуе ўвесь свет», – падкрэсліў спадар Антоні.

Сіла супольнасці

Пасля служэння дом малітвы ператвараецца ў кавярню. Людзі купляюць каву, марозіва, пірожныя, сядаюць пры сталах і гутараць. Пратэстанцкая абшчына, здаецца больш знітаванай, чымся каталіцкая парафія ці праваслаўны прыход у вялікім горадзе. Пратэстанцкія Цэрквы ёсць у розных кутках Беларусі, але іх беларускасць – гэта хутчэй рэдкасць. Аднак у доме малітвы, дзе збіраюцца вернікі Царквы «Ян Прадвеснік», пануе дух даўняй і слаўнай гісторыі беларускіх земляў. Праўда, замест абразаў і іконаў, ахінутых вышыванымі ўзорыстымі ручнікамі, на сценах збору вісяць старадаўнія гербы Вялікага княства Літоўскага.

Якуб Бернат, Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары