Бюджэт пражыткавага мінімуму павялічаны на 5 рублёў 58 капеек 


Бюджэт пражыткавага мінімуму (БПМ) ў Беларусі з 1 лютага складае 180 рублёў 10 капеек, паведамляе belapan.by.

Такую пастанову прыняла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Нарматыў будзе дзейнічаць па 30 красавіка 2017 года.

У сувязі з гэтым з 1 лютага павялічаныя пенсіі і надбаўкі.

Цяпер БПМ складае для працаздольных грамадзян – 198,63 рублёў; для пенсіянераў – 138,80; для студэнтаў – 175,24; дзяцей да трох гадоў – 116,83; дзяцей ад трох да шасці гадоў – 160,61; дзяцей ад шасці да 18 гадоў – 197,40 рублёў.

Пры гэтым структура мінімальнага спажывецкага бюджэту для сямʼі з чатырох чалавек у цэнах снежня 2016 году, паводле mintrud.gov.by па артыкулах расходаў уяўляе сабой:

  • прадукты харчавання – 49,9%,
  • адзенне, бялізна, абутак – 19,7%,
  • жыллёва-камунальныя паслугі – 7,0%,
  • бытавыя паслугі, транспарт, сувязь – 9,2%,
  • мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння – 8,4%,
  • культурна-асветныя імпрэзы і адпачынак – 1,5%,
  • узносы і плацяжы – 1,8%,
  • лекавыя сродкі, прадметы санітарыі і гігіены – 2,5%.

Такім чынам, робіць выснову myfin.by мінімальны спажывецкі бюджэт адлюстроўвае не рэальна існуючыя ў жыхароў Беларусі расходы, але тыя з іх, якія мяркуюцца дастатковымі для падтрымання здароўя, нармальнага сацыяльна-культурнага стану і ўзнаўлення насельніцтва.

З пачатку 2016 года БПМ штоквартальна павялічваўся, а ў лістападзе мінулага году быў зменшаны на 98 капеек з-за паніжэння цэн на сезонную плодаагароднінную прадукцыю.

Бюджэт пражыткавага мінімуму – гэта вартасная велічыня мінімальнага набору прадуктаў харчавання, а таксама нехарчовых тавараў і паслуг, неабходных для захавання здароўя чалавека і забеспячэння яго жыццядзейнасці. Кошт нехарчовых тавараў і паслуг вызначаецца ў памеры 77 % ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання.

ВД, паводле belapan.bymyfin.by

Стужка навінаў