Бюджэт Беларусі 2017: яшчэ больш падаткаў, пабораў і штрафаў


Пазыковая пятля на беларускім бюджэце ўсё больш зацягваецца. Налета, з улікам інфляцыі, дзяржаўныя выдаткі плануецца ўрэзаць прынамсі на 10 %.

У рэальным вымярэнні зменшацца і даходы бюджэту – на 3 %. Тое, што выдаткі ўпадуць мацней, чым даходы, тлумачыцца ўсё цяжэйшаю даўгавой нагрузкай. Выплаты адсоткаў па замежных крэдытах павялічацца налета на ¼ у параўнанні з аналагічным перыядам сёлета і складуць 10 % ад запланаваных дзяржаўных выдаткаў.

Даўгі ўсё больш абцяжарваюць

«Мы павінны разглядаць сумарную запазычанасць. Яна моцна цісне на бюджэт. Таму што мы абслугоўваем $ 40 млрд. запазычанасці», – зазначыў эканаміст Міхал Залескі.

Што датычыць выплаты траншаў самога доўгу або, як кажуць эканамісты, яго цела – яго ўлады плануюць на ¾ рэфінансаваць. То бок – перапазычыць. Вось толькі ці ўдасца залучыць запланаваныя $ 2 млрд. – пакуль пад пытаннем.

«Замежная запазычанасць пастаянна з’яўляецца тым грузам, які цягне назад беларускую эканоміку, перадусім, таму, што мы не змаглі эфектыўна адпрацаваць тыя крэдыты, якія былі атрыманыя», – упэўнены Леанід Фрыдкін, шэф-рэдактар «Экономической газеты».

Ад павелічэння выдаткаў на абслугоўванне замежнай запазычанасці пацерпіць, перадусім, сельская гаспадарка. Падтрыманне аграпрамысловага комплексу зменшыцца на 16 %, у параўнанні з сёлетнім. З улікам інфляцыі гэта азначае падзенне на ¼.

Хто будзе плаціць за памылкі ўладаў?

«У наступным годзе праблемы АПК будуць перакладацца на банкі і на прадпрыемствы, які, у нагрузку будуць змяняцца аб’яднанне з гэтымі сельгаспрадпрыемствамі», – мяркуе Леанід Фрыдкін.

Што праўда, выдаткі на сацыяльную сферу, адукацыю і медыцыну ўлады абяцаюць не ўразаць. Для гэтага ў бюджэце запраграмаванае змяншэнне падатковых ільготаў фізічным і юрыдычным асобам, павелічэнне выплатаў насельніцтву за жыллёва-камунальныя паслугі, таксама плануецца прыцягнуць больш сродкаў за кошт штрафаў і неназваных іншых падаткаў. Заробкі бюджэтнікаў, у рэальным вымярэнні, плануецца пакінуць на сёлетнім узроўні.

«У нас многія часткі ў бюджэце выконваюцца толькі таму, што яны вельмі малыя. І тыя, каму гэтыя грошы прызначаныя, па-сутнасці, недафінансаваныя. Гэта адукацыя, гэта – медыцына», – патлумачыў Міхал Залескі.

Агулам адмыслоўцы адзначаюць, што пры запланаваных параметрах, сярод іншага, кошце нафты $ 35 долараў за барэль, чакаць эканамічнага росту, а, значыць, – павелічэння падатковых паступленняў – вельмі аптымістычна. Таму, як гэта было і сёлета, не выключана, што нават урэзаныя запланаваныя выдаткі налета цягам года будуць неаднаразова перагледжаныя ў бок паніжэння.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – TUT.BY

Стужка навінаў