Бюджэт-2016. Хто пацерпіць ад скарачэння фінансавання?

video

https://youtu.be/Vqo409U0Dog

 Як зрабіць, каб па лесвіцы мог свабодна ўскараскацца інвалід-вазочнік? На развязанне праблемы дагэтуль накіроўваліся сродкі бюджэтнай праграмы для стварэння безбарʼернага асяроддзя фізічна аслабленым асобам. Гэтая праграма – адна з дзясяткаў, што пайшлі пад нож у межах бюджэту на 2016 год.

Агулам фінансаванне дзяржпраграмаў зменшылі на 10 трыльёнаў рублёў – больш як удвая. Таксама скасавалі фінансаванне на рэабілітацыю інвалідаў, прафілактыку ВІЧ, дзяржаўную праграму навуковых доследаў ды яшчэ амаль паўсотні іншых. А вось праграму для ўвекавечання ахвяраў войнаў не толькі пакінулі, але і вылучылі на яе больш сродкаў, чым летась. На што варта было б павялічыць бюджэтныя выдаткі, мы спыталіся ў жыхароў Пінску.

«Я б выдзеліў на медыцыну, таму што яна ў нас толькі лічыцца бясплатнай, а так за ўсё трэба плаціць», – зазначае мінак.

«Я б вылучыла грошы на ахову здароўя, так як хварэюць часта і гэта вельмі адбіваецца на сямейным бюджэце», – аналагічна выказваецца жанчына.

Фінансаванне медыцыны – адзін з нешматлікіх бюджэтных кірункаў, дзе выдаткі павялічацца нават з улікам чаканай інфляцыі. Таксама істотнае павышэнне фінансавання прызначылі на войска і ўнутраную бяспеку. Але адмыслоўцы адзначаюць: у сваёй расходнай частцы бюджэт звярстаны настолькі аптымістычна, што ўраду давядзецца яшчэ не раз перагледзець запланаваныя выдаткі – у бок змяншэння.

«Мы ўжо ў гэтым годзе пераканаліся наколькі наш бюджэт залежыць ад кошту нафты. У наш бюджэт, як і ў расейскі, закладзеная сярэднегадавая цана налета 50 долараў за барэль. Але ўжо цяпер здаецца верагодным, што налета кошт будзе ніжэйшым, а гэта будзе азначаць, што мы недаатрымаем тыя прыбыткі, на якія цяпер разлічваем», – зазначае Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

Істотнае скарачэнне выдаткаў заклалі ўжо і ў існым аптымістычным плане. Найбольш збіраюцца зэканоміць на жыллёва-камунальных паслугах – на 8 адсоткаў, з папраўкай на прагназаваную 12-адсоткавую інфляцыю. Перадусім – за кошт капітальнага рамонту, які цяпер збольшага ляжа на плечы жыльцоў. Істотна скараціць выдаткі прыйдзецца субʼектам сельскай гаспадаркі ды адукацыі.

Улады плануюць скампенсаваць выпадзенне бюджэтных прыбыткаў за кошт скарачэння падатковых ільготаў і з дапамогаю актыўнейшага пошуку неплацельнікаў. Незалежныя адмыслоўцы канстатуюць, што бюджэтныя выдаткі можна было б скараціць на траціну толькі за кошт большай эфектыўнасці ды меншай карупцыі. Для гэтага ўлады мусяць раскрыць для грамадскага кантролю справаздачы аб сваім распараджэнні бюджэтнымі сродкамі, як гэта робяць усе еўрапейскія краіны апрача Беларусі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары